“Гродна Азот” у чаканні вырашэння свайго лёсу
Намесніца генеральнага дырэктара “Гродна Азота” Тамара Паследняя заявіла: “Час прыняць рашэнне, хто будзе будаваць новы азотны комплекс – інвестар альбо прадпрыемства сваімі сіламі”. З інвестарам давядзецца дзяліцца прыбыткам, а калі будаваць самім – увесь прыбытак застанецца ў кішэні дзяржавы.
Галоўны банк краіны, па словах Тамары Паследняй, гатовы фінансаваць праект, а Мінфін у той жа час забірае ў прадпрыемства прыбытак, прадугледжаны на гэтыя мэты. У выніку: “Пакуль увесь свет будуе новыя магутнасці, мы стаім”.
Церпіць “Гродна Азот” і за-за дзяржаўнага рэгулявання коштаў на азотныя ўгнаенні. За апошнія 7 гадоў на гэтым (у тым ліку льготных унутраных коштаў) прадпрыемства згубіла 1 мільярд даляраў.
Конкурс плануецца абясціць у бліжэйшыя тыдні, і чатыры патэнцыйныя пакупнікі нібыта ўжо ёсць. Як паведамляе “Тэлеграф”, у якасці патэнцыйных інвестараў разглядаюцца тры расійскія кампаніі: “Еўрахім”, “Газпрам Інвестпраект” і “Акрон”.
Вядома, што інтарэс да прыватызацыі “Гродна Азота” выказала таксама “Раснафта”, якая разглядае магчымасць наўпроставых паставак газу на гродзенскае прадпрыемства без выкарыстання беларускіх сетак.
Размовы пра продаж часткі акцый “Гродна Азота” замежнікам вядуцца з 2012 года, калі прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч прапанаваў Індыі паўдзельнічаць у прыватызацыі і пашырэнні магутнасцяў “Гродна Азота”. Аляксандр Лукашэнка ў студзені 2013 года пацьвердзіў гэтыя намеры.
Цікаўнасць індыйцаў да інвестпраекта скончылася, калі стала вядома, што гэты праект Беларусь мае намер рэалізаваць з удзелам расійскага капіталу.
У жніўні 2013 года з’явілася інфармацыя, што расіяне плануюць інвестваць у гродзенскае прадпрыемства каля 1 мільярда даляраў, пабудаваўшы азотны комплекс. Расійскія кампаніі, на думку беларускага прэм’ер-міністра, найбольш падыходзяць з-за таго, што маюць уласную сыравіну – газ.
Да таго ж, інвестыцыйны праект па стварэнні азотнага комплекса ўваходзіць у пяцёрку інтэграцыйных расійска-беларускіх праектаў, рэалізацыя якіх будзе адной з умоваў прадстаўлення Беларусі неабходных аб’ёмаў нафты ў гэтым годзе і ключавым момантам у перамовах па нафтавым балансе на 2014 год.
На сёння 99,97% акцый “Гродна Азота” належыць дзяржаве і знаходзіцца ў аператыўным кіраванні канцэрна “Белнафтахім”. 50-гадовае прадпрыемства даўно мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Яго рэнтабельнасць за кошт экспарту – 15-20%. Будаўніцтва новага азотнага комплексу дазволіць падвоіць магутнасці і значна павялічыць экспарт і ў разы – прыбытак.
Паводле interfax.by, ru.delfi.lt rusenergy.com