Афіцэр Гродзенскай памежнай групы памёр з-за атрыманай на службе траўмы

|

Паводле афіцыйнай версіі, капітан Гродзенскай памежнай групы 1985 года нараджэння Андрэй Навіцкі атрымаў траўму пры няўдалым падзенні ў часе аховы мяжы.

Афіцэр лячыўся на стацыянары ў гарадзенскім шпіталі.

Першапачаткова траўма не выклікала вялікіх праблем, аднак пазьней стан афіцэра нечакана пагоршыўся, і 2 кастрычніка ён памёр.

Пахавалі вайскоўца 5 кастрычніка.

 

Блізкія Андрэя, даведаўшыся пра здарэнне, так і не пабачылі яго жывым. Іх не пусцілі ў палату, паведамляе “Еўрарадыё”.

“Як нам кажуць, няшчасны выпадак здарыўся 23 верасня. Што там канкрэтна здарылася, ніхто нічога не паведаміў.

Толькі казалі: “Вядзецца следства, вядзецца следства”, — скрозь слёзы паведамляе Наталля, дзяўчына Андрэя Навіцкага.

 

Спачатку нам сказалі, што жыццю майго любімага чалавека нічога не пагражае… Але праз дзевяць дзён, 2 кастрычніка, ён памёр у рэанімацыі. Нас туды да яго ні разу не пусцілі, ні разу.

Ён быў капітанам, яго служба была сакрэтнай, пра яе ён амаль нічога ніколі не казаў. Мы прасілі, каб яго адправілі ў Мінск. Спадзяваліся, што лячэнне там трошкі іншае. Але нам адказалі, што ён нетранспартабельны”.

 

Кіраўніцтва памежнага камітэта абвяргае чуткі, што капітан-памежнік загінуў у часе расійска-беларускіх вучэнняў, што праходзілі, у тым ліку, на Гожскім палігоне ў Гродзенскай вобласці.

 

Паводле http://belta.by , http://euroradio.fm