У Музеі гісторыі рэлігіі аднавілі атмасферу вясковай бабулінай хаты

|

Драўляны стол, плеценая з лазы калыска, куфар, рушнікі, чырвоны кут – экспазіцыя вяртае нас у сусвет вясковай хаты нашых бабуляў і прабабуляў.

“Чаму, думаеце, калыска рябілася плеценай? – пытаецца ў наведвальнікаў аўтарка выставы, старэйшы навуковы супрацоўнік Вера Хведчына. – Каб паветра лепш цыркулявала. Такую калыску можна было ўзяць з сабой у поле, дзе маці працавала. За працай, часам, жанчыны і нараджалі – дзяцей тады называлі “жытнічкамі”.

Аб прызначэнні некаторых прадметаў без каментароў стваральніцы выставы здагадацца было няпроста. Напрыклад, завязаны ільняны камячок… Аказваецца, гэта – соска з мяккага ільну, унутр якой клаўся хлебны мякіш, які часам змочваўся малаком!

Выстава, на якой прадстаўленыя экспанаты з музейных збораў, пакідае пасля сябе цёплыя прыемныя ўражанні і будзе цікавай і гарадзенцам, і гасцям горада над Нёманам.

Патрапіць у сусвет “матчынай хаты” можна будзе да другой паловы снежня. Нагадаем, што ў музеі гісторыі рэлігіі працягвае таксама дзейнічаць выстава “Таямнічая сіла крыжа”.

 

Здымкі Яна Лялевіча