Як я стаў на абарону Уладзіміра Высоцкага і што з гэтага выйшла
Пачаў чытаць “бэстсэлер” і ўжо праз некалькі старонак зразумеў, што гэта самая звычайная лухта ў выглядзе сумніўнай версіі. Падобнай макулатурай сёння проста заваленыя кніжныя прылаўкі. Аўтары кнігі захацелі элементарна падзарабіць, вырашыўшы ў камерцыйных мэтах выкарыстаць вядомае імя (Уладзімір Высоцкі) у незвычайным спалучэнні (“агент КДБ”).
Я ўявіў, што калі б спявак быў жывы, ён бы хутка разабраўся з “пісьменнікамі”. Дык, можа, на тое, што галоўны персанаж кнігі ўжо даўно адышоў у лепшы свет, і быў разлік аўтараў? Піші што заўгодна, адказу не будзе? Усе гэтыя думкі я занатаваў на паперы, і хутка расійская “Литературная газета” на сваім сайце надрукавала мой артыкул “Рэй Брэдбери – потомственный марсианин”.
Пасля гэтага свой ліст разам з артыкулам я адправіў па электроннай пошце дырэктару музея Уладзіміра Высоцкага ў Маскве – Мікіце Высоцкаму. У дадзенай сітуацыі я палічыў неабходным для сябе выказаць маральную падтрымку сваякам расійскай легенды. Магчыма, менавіта выступленне “ЛГ” у абарону добрага імя Высоцкага падштурхнула яго сына – Мікіту Уладзіміравіча – звярнуцца ў Харашоўскі суд Масквы з іскам супраць аўтараў скандальнага выдання. Памятаю выступленне прадстаўнікоў выдавецтва “Алгарытм” па тэлебачанні з гэтай нагоды: маўляў, у кнізе выказваецца толькі асабістае меркаванне аўтараў, усе адбываецца ў межах свабоды слова.
Гэта было летам, і вось навіна апошніх дзён. Харашоўскі суд Масквы цалкам стаў на бок Мікіты Высоцкага. Асобнікі пасквільнай кніжкі з продажу вымаюцца, кашалёк недобрасумленных аўтараў стане лягчэйшы на 600 000 расійскіх рублёў (каля 19 000 долараў ЗША) маральнай кампенсацыі.
Прызнаюся, даведаўшыся пра гэта, я адчуў пэўнае задавальненне. Справядлівасць у дадзеным выпадку, на мой погляд, перамагла. А што датычыцца свабоды слова, то кожны жадаючы можа з лёгкасцю адшукаць крамольны тэкст Раззакава і Крыжаноўскага ў інтэрнэце. І штосьці мне падказвае (магчыма, я памыляюся), што маскоўскае выдавецтва, якое спецыялізуецца на падобнай літаратуры, на хвалі антырэкламы, якая – таксама піяр, хуценька цісне дадатковы наклад.