“Bando Blanco Grodno” – чэмпіёны турніра заўзятараў замежных клубаў

|

Спаборніцтвы прайшлi ў сем тураў. Ужо з першага тура мы бачылi, што каманды падрыхтаваліся старанна і былі настроены толькі на перамогу.

У турніры прымала ўдзел сем каманд: фанаты “Рэала”, “Чэлсі”, “Арсенала”, “Манчэстар Юнайтэд”, “Ліверпуля”, аб’яднаная каманда “Эвертан і Рэйнджэрс” і пачаткоўцы турнiру – каманда “Барселона”. На жаль, у чарговым розыгрышы кубка не прымалi ўдзел чэмпіёны мінулага турніру, каманда “Il Bisonte Гродна” (фанаты Мілана). Каманда знялася незадоўга да старту турніру і прычын вырашыла не агалошваць.

Галоўны лозунг турніру – “Футбол без расізму!”. Таму гледачы маглі назіраць на полі і футбалістаў іншых нацыянальнасцяў.

 

“Бо не галоўнае адкуль ты і якога колеру ў цябе скура. Галоўнае, што ты чалавек, і ты хварэеш за клуб, за які хварэю я”, – кажа ўдзельнік турніру.

Усе мерапрыемствы спаборнiцтваў расцягнуліся на паўтары месяцы. Кожную нядзелю каманды гулялі паміж сабой, і з кожным матчам можна было назіраць, што цікавасць гледачоў да турніру толькі расце. У яго ёсць будучыня. Ходзяць чуткі, што на наступны год з’явіцца і фундатар, які зможа аплаціць і арэнду поля, і прызы.

Як кажуць фанаты: “Нам ёсць да чаго імкнуцца. Магчыма, у будучыні мы будзем запрашаць і каманды з іншых гарадоў Беларусі, магчыма нават блізкага замежжа. Далей толькі лепш!”

 

Здымкі з узнагароджання: Даяна Якубеня, Руслан Кулевіч