Літоўскі МЗС прайграў антыядзернаму актывісту з Астраўца
Вышэйшая судовая інстанцыя гэтай краіны не задаволіла касацыйную скаргу Міністэрства замежных спраў Літвы на пастанову адміністрацыйнага суда Вільні, які сваім рашэннем прызнаў незаконнымі дзеянні адпаведных органаў Літвы па забароне Уласевічу ўезду ў Літву на тры месяцы.
Мікалай Уласевіч:
– Менавіта па нейкай сакрэтнай бумазе Міністэрства замежных спраў і было прынята рашэнне не пускаць мяне на 3 месяцы на тэрыторыю Літвы.
І, безумоўна, Міністэрства замежных спраў было не задаволена гэтым рашэннем і падала касацыйную скаргу. Але вышэйшая інстанцыя Літвы прыняла канчатковае рашэнне, якое ўжо нельга абскардзіць.
У верасні 2012 года, калі ў Літве ладзіўся рэферэндум па будаўніцтве атамнай электрастанцыі, беларускага антыядзернага актывіста не пусцілі ў краіну.
“Гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што судовая сістэма ў Літве працуе аб’ектыўна і яна яшчэ раз засведчыла сваю незалежнасць”, – задаволены вынікамі разгляду скаргі літоўскага МЗС Мікалай Уласевіч.