Беларусы абскардзілі рашэнне літоўскіх улад пра забарону ўезду на тэрыторыю краіны

|

Іх інтарэсы прадстаўляе адвакат Відас Вілкас.

 

Адвакат упэўнены, што забарона на ўезд у Літву Новікавай і Уласевічу парушае Еўрапейскую канвенцыю пра абарону правоў чалавека і асноўных свабод, у артыкуле №10 якой гаворыцца пра неад’емнае права чалавека свабодна выказваць свае думкі і погляды, у дадзеным выпадку – на праблемы будаўніцтва АЭС.

 

Беларускіх актывістаў не папярэдзілі пра рашэнне дэпартамента міграцыі, а ў выдадзеным на мяжы дакуменце не пазначаны прычыны гэтага рашэння.

Гэта парушае іх права ведаць аб прынятых ў дачыненні да іх рашэннях, якое гарантуецца літоўскім Законам аб прававым статусе замежных грамадзян. З-за гэтага Новікава і Уласевіч не маглі скарыстацца правам на сваю абарону.

 

Паводле складзенай адвакатам скаргі, прычына забароны на ўезд стала грамадская дзейнасць беларускіх актывістаў, якія актыўна выступаюць супраць будаўніцтва АЭС.

 

Каардынатар грамадскай кампаніі “Астравецкая атамная – гэта злачынства!” Мікалай Уласевіч і каардынатар Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава 26 верасня не змаглі трапіць на тэрыторыю Літвы.

У рашэнні МЗС, якое выдалі Уласевічу і Новікавай на мяжы, гаворыцца пра тое, што яны пагражаюць бяспецы адной альбо некалькіх краін Еўрасаюза, нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Літва.

Запрошаным на міжнародную навуковую канферэнцыю па ядзернай бяспецы беларусам літоўскія памежнікі анулявалі шэнгенскія візы. Не дапамагло нават умяшальніцтва дэпутата літоўскага сейма Казіміраса Уока.

 

На рэферэндуме 14 кастрычніка 63% жыхароў Літвы выказаліся супраць будаўніцтва Вісагінскай АЭС.

 

Паводле belapan.by