“Нёман” у гасцях буйна перайграў “Гомель”

|

Хакеісты даволі хутка адкрылі лік. Гаспадары першымі закінулі шайбу ўжо на 34 секундзе, але праз дзве хвіліны гарадзенцы здолелі зраўняць лік намаганнямі Сяргея Маляўкі.

 

Пасля ізноў “Гомель” выходзіць наперад, рэалізаваўшы колькасную перавагу, праз тры хвіліны “Нёман” зноў выраўноўвае лік, на гэты раз вызначыўся Андрушчанка. У першым перыядзе “Нёман” яшчэ забіў дзве шайбы, вызначыліся Коршунаў і Панцыраў. За першую дваццаціхвілінку каманды на дваіх накалацілі шэсць шайб (2:4).

 

У другім перыядзе закінутых шайб мы не ўбачылі, але ў трэцім “Нёман” дабіў свайго суперніка, закінуўшы дзве безадказныя шайбы, вызначыліся Пратасеня і Глебаў.

 

У складзе “Нёмана”, Андрэй Глебаў набраў 2(1+1) ачкі, Станіслаў Лапачук і Павел Баярчук аддалі па дзве галявыя перадачы. У прайграўшых дубль аформіў Аляксандр Еронаў.

 

ХК “Гомель” – “Нёман” 2:6 (2:4, 0:0, 0:2)

 

Шайбы закідвалі:

1:0 Аляксандр Еронаў (Аляксандр Жыдкіх ) 0:34

1:1 Сяргей Маляўка (Ягор Сцяпанаў ) 2:18

2:1 Аляксандр Еронаў (большасць) (Юрый Наваранка , Аляксандр Жыдкіх ) 6:26

2:2 Віктар Андрушчанка (Вячаслаў Лісічкін , Павел Баярчук ) 9:07

2:3 Андрэй Коршунаў (большасць) (Павел Баярчук , Станіслаў Лопачук ) 17:13

2:4 Дзмітрый панцыраў (Аляксандр Коўшык ) 18:29

2:5 Анатоль Пратасеня (большасць) (Андрэй Глебаў, Станіслаў Лопачук) 49:30

2:6 Андрэй Глебаў (большасць) (Сяргей Дрозд ) 56:43

 

Пасля матчу Дзмітрый Краўчанка:

 

– З улікам таго, што ў нас праблемы са складам, даволі добра згулялі, згулялі камандай, не магу кагосьці канкрэтнага вылучыць. Дзе трэба было – выстаялі, дзе трэба было – забілі. Калі такім чынам будзем  гуляць, я думаю, патэнцыял у нас ёсць. Будзем старацца яго раскрываць.


Дзмітрый Аляксандравіч, ці плануеце ўзмацненне складу перад Кантынентальным Кубкам з дапамогай гульцоў Дынама, альбо будзеце гуляць гэтым складам?

 

– Мы з’яўляемся фарм-клубам “Дынама”. За ўвесь час, што мы супрацоўнічаем, за нас гулялі адны гульцы пастаянна, як Дрозд і Лапачук, іншыя гульцы – прыходзілі і сыходзілі, такія як Яўген Нагачоў і Ян Шаляпнёў. Калі будзе магчымасць “Дынама” даць гульнявую практыку і быць у гульні, і яны прымуць такое рашэнне – гэта будзе наша агульнае рашэнне. Калі будуць нейкія праблемы, будзем гуляць тымі гульцамі, якія ёсць у нашай камандзе.

Сыход Брыкуна пасля другой шайбы – гэта яго ініцыятыва, ці гэта вы яго паклікалі на лаву адпачыць?

 

– Я прыняў рашэнне, каб трошкі спусціў пары. Яго зараджанасць была яўна бачная, ён такі занадта імпульсіўны чалавек. Нават прозвішча яго Брыкун – дрыгае нагамі, так? Дык вось – пабрыкаўся на лаўцы і больш-менш спакойны вярнуўся ў гульню, што надало камандзе упэўненасці.


На месца Крыстека і Мацярухіна шукайце легіянераў?

 

– У нас няма часу іх шукаць. Тыя гульцы, якія ёсць, кожны імкнецца заслужыць права паехаць на Кантынентальны Кубак . Вядома, хочацца ўзмацніцца. Мне будзе вельмі складана кагосьці пакінуць і кагосьці ўзяць…

 

Здымкі Denis Kulik, hcgomel.com