Візавыя праблемы беларусаў: дамова з Гандурасам – ужо нейкі прагрэс?

Пра перспектывы бязвізавага руху з Польшчай ды Літвой мы паразмаўлялі з Аляксандрам Быстрыкам, прадстаўніком кампаніі “Без візы”.

 

ТС: Чаму Беларусь імкнецца да спрашчэння візавага рэжыму з такімі краінамі як Гандурас, а не з найбольш праблемнай для сваіх грамадзян шэнгенскай зонай?

 

align=”left” alt=”Аляксандр Быстрык” >Аляксандр Быстрык: Праблема ў тым, што беларускім уладам “і хочацца, і колецца”. Бо з аднаго боку ёсць пэўныя памкненні, як тое было з Міністэрствам спорту і турызму: яны яшчэ ў 2011 годзе казалі, што трэба адмяніць візы для замежнікаў, каб прыцягнуць у краіну больш турыстаў і больш валюты. З іншага боку, ёсць розныя тлумачэнне адсутнасці прагрэсу ў перамовах з ЕС – ці то санкцыі, ці то тэхнічныя перашкоды, ці то агульны ўзровень адносінаў, ці то боязь згубіць консульскія зборы за візы і г.д.

 

Таму, на мой погляд, цэлая шэнгенская зона для іх – надта вялікі крок. Адразу адкрываецца вялікая частка наземнай мяжы. Таму, магчыма, беларускія ўлады хочуць паціху паглядзець, як гэта будзе працаваць з тым самым Ізраілем ці Турцыяй. Менавіта таму яны спачатку ўвялі малы памежны рух з Латвіяй – каб пабачыць, як гэта працуе. Бо адмяніць гэта пасля будзе ўжо цяжка.

 

Таму нават гэтая дамова з Гандурасам – гэта ўжо нейкі прагрэс.

 

А як малы памежны рух працуе з Латвіяй?

 

З сітуацыяй на латышска-беларускай мяжы не асабліва знаёмы, хаця ёсць на гэтую тэму аналітыка. Вы ведаеце, што дазвол на перасячэнне мяжы выдаецца тэрмінам ад году да пяці гадоў і ён каштуе толькі 20 еўра, таму гэта відавочна спрасціла людзям жыццё – тут няма аб чым спрачацца.

 

Справа яшчэ ў тым, што мяжа з Латвіяй – параўнальна невялікі рэгіён, дзе няма буйных гарадоў. Калі казаць пра Літву, дык там ужо Вільня ёсць. У польскім выпадку – ёсць Гродна і Брэст з беларускага боку. Таму гэтыя рэгіёны паміж сабой цяжка параўноўваць.

 

Ці нашыя суседзі з Польшчы і Літвы зрабілі ўжо ўсё, што маглі, каб спрасціць памежны рух? Ці, можа, варта ад іх яшчэ чагосці патрабаваць?

 

Наколькі мне вядома, усе дакументы з іх боку ўжо падпісаныя. Былі доўгія спрэчкі, напрыклад, датычна рэгістрацыі замежнікаў – беларускія ўлады хацелі, каб усе, хто ўязджае, рэгістраваўся на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ з літоўскага боку было пытанне, што ўключаць у зону спрошчанага руху. Сістэма называецца “30+” і гэта значыць, што калі нават частка горада ўваходзіць у 30-кіламетровую зону, то ў яе аўтаматычна ўваходзіць і ўвесь горад. Так здарылася ў выпадку Вільні. Да кансэнсусу ў выніку прыйшлі і з боку нашых суседзей усё зроблена – чакаем падпісання дамовы беларускім бокам.

 

Пытаннем адмены беларускіх віз для замежнікаў вы таксама займаецеся?

 

Канешне, наша кампанія называецца “У Беларусь і Еўропу – Без візы!”. Гэта пытанне вельмі балючае нават з пункту погляду беларускіх чыноўнікаў. Многія з іх хочуць, каб да нас ездзілі турысты, пакідалі свае грошы, каб развівалася турыстычная інфраструктура.

 

Мы лічым вельмі пазітыўным момантам, што ў час чэмпіянату свету па хакеі візавы рэжым будзе скасаваны, хаця яшчэ вельмі цмяна апісана як дакладна будзе гэта выглядаць. Быццам, можна будзе ўязджаць з квіткамі, але невядома пакуль на які тэрмін: нейкі агульны вызначаны, ці ў залежнасці ад купленага квітка. З таго часу, як летам з’явілася гэтая інфармацыя, нічога канкрэтнага больш не было сказана.

 

Нават еўрапейскі бок кажа, што кожны год яны губляюць з-за наяўнасці візаў ад 8 да 12 мільярдаў еўра – проста таму, што людзі не прыязджаюць і не трацяць там грошы, якія маглі б патраціць. Тое самае адбываецца і ў Беларусі, толькі ў меншым памеры. Гэта прызнаюць чыноўнікі. Кароткатэрімновы мінус з-за таго, што турыст не выплаціць консульскі збор, лёгка перакрыецца тым, што ён тут патраціць. А ў перспектыве, турыстычная сфера здольная стварыць і новыя працоўныя месцы.

 

Дык чаму дагэтуль консульскі збор за атрыманне беларускай візы захоўваецца?

 

Гэта, магчыма, нелагічна з боку Міністэрства спорту і турызму, але можа быць цалкам лагічна з боку Міністэрства замежных спраў. Нельга ўяўляць нашую ўладу, як нешта цалкам маналітнае. Некаторыя не ўпэўнены, што адмена віз акупіцца. У кожнага свае аргументы, магчыма, некаторыя чыноўнікі баяцца, што ў выніку спрашчэння візавага рэжыму да нас “панаедуць” людзі, над якімі будзе менш кантролю. Консульскі збор – хутчэй вынік такіх страхаў.

 

Хаця, калі кагосці не хочуць пускаць у Беларусь, дык гэта ж можна рабіць і пры адсутнасці віз ці прынамсі візавага збору.

 

З чаго мусяць пачаць Беларускія ўлады размовы аб спрашчэнне візавага рэжыму? З дамовы аб рэадмісіі?

 

Дамова аб візавай фасілітацыі была прапанавана Беларусі летам 2011. Яе ўжо прынялі Расія, Украіна і Малдова, таму для іх шэнгенскія візы ў дадзены момант каштуюць 35 еўра, для іх таксама спрошчана працэдура. Разам з гэтым падпісваецца дамова аб рэадмісіі. Беларусь яе не падпісала. Наколькі ведаю, гэта у тым ліку звязана ізноў жа са страхамі, што ўсе тыя нелегальныя мігранты, што захочуць прарвацца з Расіі і краін СНД у Еўропы праз Беларусь, наша краіна будзе павінна прымаць назад за ўласныя сродкі. Але гэта ўсё вырашаецца, кампраміс можна знайсці, але ж перамовы наогул нават не пачыналіся.