Выйшаў медыцынска-літаратурны зборнік: вельмі лірычны

|

Тэмы вершаў і апавяданняў – самыя розныя. Літаратары ў белых халатах задаюць вечныя пытанні, разважаюць пра жыццё і смерць, каханне і разлуку, пра далейшы лёс нашай краіны. Канешне, спецыфіка навучальнай установы адчуваецца ў кнізе адразу. Вось, напрыклад, як удала спалучае медыцыну і літаратуру ў сваім вершы Яўгенія Гардзей:

 

Зіма скавала рэчак бег,

Зрабіўшы гэта так старанна,

Як быццам бы бінты на раны,

На лёд кладзецца першы снег.

 

Знаходзіць свае непаўторныя вобразы Юлія Петрулевіч. У яе вершы чытаем:


І гляджу, як у сумнай цішы

Ападае пажоўклае лісце,

Як апошні твой вокліч душы,

Быццам нашы забытыя пісьмы.

 

Адзін з лепшых твораў у толькі што выдадзенай кніжцы, на мой погляд, верш Віктара Варанца. Аўтар быццам задае тон усяму астатняму зборніку:


Ну што святога ёсць для беларуса?

Зямля, хаціна і ў сэрцы Бог.

Каб уся сям’я сабралась за абрусам,

Анёл ад д’ябла душу засцярог.

 

Нам шмат не трэба: родныя абшары,

І свечка каб гарэла на Дзяды,

Пад Новы год дзяцей спаўнялісь мары,

І помнілі ўнукі праз гады.

 

Быў верны сябар, калі ёсць патрэба,

І абмінуў ваенны ператрус.

Каб на стале заўжды хапала хлеба,

І каб жыла заўсёды Беларусь!

 

Дарэчы, менавіта дзякуючы намаганням Віктара Варанца, выкладчыка медуніверсітэта і адначасова кіраўніка літаратурнага клуба ГрДМУ “Катарсіс”, і з’явіўся “Вечар пятніцы”. Творы іншых аўтараў, напісаных па-беларуску і па-руску (ёсць нават верш па-ангельску), таксама запамінаюцца. Вельмі арганічна ў зборніку выглядаюць ілюстрацыі – малюнкі Кацярыны Гайсюк. Згадзіцеся, крыху з нечаканага боку адкрыўся перад намі медыцынскі ўніверсітэт.