У смерці гарадзенкі Юліі Кубаравай абвінавачваюць трох чалавек
Абвінавачванні прад’яўленыя генеральнаму дырэктару медцэнтра, анэстэзіёлагу-рэаніматолагу і галоўнаму інжэнеру інжэнерна-эксплуатацыйнага аддзела.
Удзельнікі крымінальнага працэсу пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы.
Дзеянні анэстэзіёлага кваліфікуюцца як неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медпрацаўніком, якое па неасцярожнасці прывяло да смерці пацыента (ч. 2 арт. 162 КК РБ).
Дырэктар і галоўны інжэнер вінавацяцца ў службовай халатнасці, якая па неасцярожнасці прывяла да смерці пацыента (арт. 428).
Паводле Следчага камітэту, смерць Юліі Кубаравай здарылася з-за выкарыстання няспраўнай анестэзіялагічнай апаратуры для штучнай вентыляцыі лёгкіх кіслародна-паветранай сумессю.
25-гадовая гарадзенка (на здымку) 26 сакавіка 2013 года рабіла карэкцыю формы носа ў “Экамедсэрвісе”.
Чатыры тыдні пасля аперацыі дзяўчыну ратавалі ў 4-ай мінскай гарадской клінічнай бальніцы, але 23 красавіка яна памерла. Увесь гэты час Юлія Кубарава знаходзілася ў коме.