Гарадзенцаў запрашаюць на размову аб культуры

|

Функцыя мікрахвалёвай печкі – падаграваць ежу, прызначэнне праса – прасаваць бялізну. Калі функцыянальнасць нейкай рэчы дамашняга ўжытку псуецца ці нам невядомая – гэта рэч становіцца цалкам бескарыснай. Якія функцыі павінна мець культура, каб яна была карыснай?

 

Нярэдка лічыцца, што размовы не вядуць да канкрэтных вынікаў. Але, на нашу думку, гэта залежыць ад таго, хто і як размаўляе. Акурат у размове ўзнікаюць новыя ідэі і думкі. Тым больш, што любая дзейнасць набывае глыбіню і шматмернасць акурат тады, калі яна мае пад сабою канцэптуальную глебу.

 

Гутарка пойдзе ў не зусім тыповым фармаце. У якасці базы для размовы мадэратарка Ірына Герасімовіч прапануе выкарыстаць прынцыпы, якіх прытрымліваецца методыка Сакратаўскай бяседы ў традыцыі Леанарда Нэльсана і Густава Хэкмана.


“Гэтая методыка стварае прастору для таго, каб кожны мог абмяркоўваць тэму згодна са сваімі патрэбамі і інтарэсамі, а таксама  браць на сябе адказнасць за ступень уласнай актыўнасці ці пасіўнасці”, – кажа мадэратарка Ірына Герасімовіч.

 

Супольны працэс будзе накіраваны на пошук адказу на кожнае пытанне, з якім зможа пагадзіцца КОЖНЫ ўдзельнік групы. Штораз гэта будзе агульны адказ, пра які кожны ўдзельнік зможа сказаць: так, гэта і МОЙ адказ таксама.

 

Арганізатары спадзяюцца, што размова стане нагодай для ўдзельнікаў паглыбіць ўяўленне пра ўласную дзейнасць, а, можа, і прыадкрые новыя накірункі для прафесійнага развіцця, творчага супрацоўніцтва і адстойвання сваёй ролі ў культурным жыцці горада.

 

Дыскусія адбудзецца 14 лістапада ў офісе ГА “Цэнтр “Трэці Сектар”  (вул. Будзёнага 48а–63, Гродна). Пачатак у 18.30.

Даведка: +37529 7843221 (Хрысціна Марчук)


     
 

“Цэнтр “Трэці Сектар” ужо ладзіў дыскусію на культурніцкую тэматыку ў лютым 2012 года. Тады прэс-клуб “Гродна – горад без галерэй” сабраў у “Кальяннай №4” шматлікіх культурных дзеячоў горада.

 

Стэнаграму дыскусіі можна пачытаць тут.

 
     


Здымак БелТА