Гродзенскія рынкі правярае Дзяржстандарт
Тавар агледзелі ў 147 прадпрымальнікаў з 23 рынкаў рэгіёна. Высветлілася, што каля 75% гандляроў не ведаюць, якія дакументы для пацьвярджэння якасці неабходныя паводле патрабаванняў тэхрэгламента Мытнага саюза. 15% не прадстаўляюць пакупнікам ніякай інфармацыі, а некаторыя проста вывешваюць таблічкі з надпісам “Тавар несартыфікаваны”.
Адказнасці за парушэнні прадпрымальнікі пакуль не нясуць. Меркавалася, што выконваць патрабаванні тэхрэгламенту МС гандляры будуць абавязаныя толькі з 1 ліпеня 2014 года.
Аднак 7 лістапада БелаПАН паведаміў, што мае тэкст праекта ўказа А.Лукашэнкі, паводле якога новыя нормы будуць абавязковымі для прадпрымальнікаў ужо з 1 студзеня 2014 года, а без суправаджальных дакументаў можна будзе гандляваць толькі рэшткамі прадукцыі.
Інвентарызацыю рэшткаў тавараў, увезеных на тэрыторыю Беларусі з тэрыторыі краін Мытнага саюза без суправаджальных дакументаў да 1 студзеня, прыватныя прадпрымальнікі павінны правесці ўжо 1 студзеня. Іх можна будзе прадаваць да 1 ліпеня.
Паводле дакумента “рэалізацыя тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі з парушэннем умоваў” забараняецца. Пратаколы парушэнняў будзе складаць камітэт дзяржкантролю і падаткавай.
Пасля летняга страйку беларускіх прадпрымальнікаў супраць тэхрэгламента Мытнага саюза, ім далі магчымасць да 1 ліпеня 2014 года працаваць па ранейшай схеме.
Паводле старшыні РГА “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, у Расіі, дзе гандляры закупаюць свой тавар, суправаджальныя дакументы атрымаць немагчыма. Да таго ж у Расіі і Казахстане падобных дакументаў ад прадпрымальнікаў на рынках не патрабуюць.
Паводле http://vgr.by , http://belapan.by