Лаўрэатам ІІ Узнагароды імя Ядкоўскага стаў Віктар Саяпін
Віктар Саяпін атрымаў узнагароду з рук Алеся Краўцэвіча і Алеся Госцева (ён быў першым лаўрэатам гэтай прэміі ў 2012 годзе). Па словах самога Саяпіна, Юзаф Ядкоўскі заўсёды быў і ёсць для яго прыкладам у даследчай і папулярызатарскай працы.
Алесь Госцеў і Алесь Краўцэвіч
Як сказаў Алесь Краўцэвіч, букет кветак лаўрэату патрапіў акурат у колерах гарадзенскага герба
У час уручэння прэміі Алесь Краўцэвіч звярнуў увагу, што беларуская мова Віктара Саяпіна робіцца ўсё лепшай, ды выказаў спадзеў, што беларускамоўная кніга аўтара не прымусіць сябе доўга чакаць.
На фота з мінулагоднімі лаўрэатамі Алесем Госцевым і Тацянай Касатай
Віктар Саяпін вядомы сваімі шматлікімі даследаваннямі гарадской гісторыі ХХ стагоддзя, у асаблівасці савецкага перыяда. Ён таксама ці не самы пладавіты на кнігі гарадзенскі аўтар, да таго ж з надзвычай шырокім тэматычным абсягам. Сярод яго публікацый: працы пра гарадзенскія плошчы, масты, тэатры, кіно і цырк, парк ды заапарк, пасляваенны лёс касцёлаў і нават пра завод “Радыёпрыбор”.
Прэмію імя Юзафа Ядкоўскага заснавала восенню 2012 года гарадзенская інтэлігенцыя. Яна ўручаецца ў часе Дзён святога Губерта асобам, дзейнасць якіх спрыяла вывучэнню і папулярызацыі гарадзенскай гісторыі, захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай самабытнасці горада і рэгіёна. Першымі яе лаўрэатамі ў 2012 годзе сталі Алесь Госцеў і Тацяна Касатая. |
||