Як выглядае прафілактыка свіной чумы ў Польшчы?

|

Для гэтага мы адшукалі распараджэнне №2/2013 падляскага ваяводы Мацея Жыўны ад 5 лістапада. Яно ў вялікай ступені паўтарае папярэдняе распараджэнне, выдадзенае ў жніўні. Дакумент аказаўся звышліберальны, калі параўноўваць з тым, што беларускія чыноўнікі патрабуюць ад нашых трымальнікаў свінняў.

 

Гэтак, на тэрыторыі, якая знаходзіцца пад пагрозай афрыканскай свіной чумы (паветы на мяжы з Беларуссю), забараняецца праводзіць кірмашы, выставы, паказы і конкурсы з удзелам свінняў. Што тычыцца ўтрымання жывёл, то ля ўваходаў у памяшканні, дзе яны ўтрымліваюцца, павінны быць “дэзынфекцыйныя дыванкі” – падобныя да тых, якія можна бачыць у пунктах пропуску на мяжы. Гэтаксама загадваецца праводзіць шторазовую дэзынфекцыю інструментаў працы, што выкарыстоўваюцца для абслугоўвання свінняў.

 

Транспарт жывёл дазваляецца толькі з пасведчаннямі ад ветэрынараў, а ежа для іх мусіць быць забяспечана ад доступу дзікіх жывёл.

 

Вось і ўсё (!), што тычыцца свінняў у прыватнай уласнасці. Ніхто не загадвае забіваць усіх без разбору жывёл ды здаваць мяса дзяржаве па фіксаваных коштах, ніхто не ўводзіць пяцігадовыя забароны на ўтрыманне свінняў. Нават абавязковыя медыцынскія агляды свінняў магчымыя толькі ў выпадку рэальнай павышанай смяротнасці ў стадзе.

 

Хаця, цалкам магчыма, што польскія правілы каранціну таксама не задаволілі б жыхароў Капцёўкі. У канцы дакумента мы знайшлі інфармацыю, што на Падляшшы на час каранціну наўпрост забараняецца забіваць свінняў для ўласнага выкарыстання! А гэта, як і прымусовае знішчэнне, у выніку магло б пакінуць капцёўскіх сялян без сродкаў на існаванне.

 

Здымак Łukasz Ogrodowczyk / Agencja Gazeta