Сумесная беларуска-літоўская выстава пра паўстанне 1863 г. адкрыецца ў Гродне
Выстава прадастаўленая Шаўляйскім музеем “Аўшрос” (Літва) – гэта спроба расказаць аб паўстанні праз жыццёвыя гісторыі яго ўдзельнікаў, таму што паўстанне – гэта не толькі барацьба, але і перажыванні, надзеі, страты. Выстаўка запрашае паблукаць па стылізаваных лабірынтах лесу, які з’яўляецца сімвалам месца, дзе разгортваліся асноўныя падзеі паўстання, дзе перакрыжаваліся чалавечыя лёсы.
Экспануюцца фотаздымкі паўстанцаў 1863 г., якія захоўваюцца ў Шаўляйскім музеі. Некаторыя фотаздымкі зроблены яшчэ да паўстання, іншыя – падчас паўстання, на некаторых – людзі сфатаграфаваны па дарозе ў ссылку ці ў месцы пасялення. Прадстаўлена зброя паўстанцаў, у тым ліку каса, знойдзеная на месцы баёў у лясах Мядзяйкяй (Біржанскі раён), вырабы зняволеных і ссыльных.
Унікальны экспанат – сцяг атрада паўстанцаў пад кіраўніцтвам Повіласа Шымкявічуса са збору краязнаўчага музея г. Кяльме. Прадстаўлены рымскі імшал, які належаў аднаму з кіраўнікоў паўстання – Антанасу Мяцкявічусу, рукапіс успамінаў віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Батальнымі сцэнамі ўражваюць малюнкі “Lituania” (1864-1866) і “Polonia” (1863) польскага мастака Артура Гротгера.
З музейнага збору гродзенскага музея экспануюцца дзённік паўстанца, чапец жонкі Тэадора Нарбута – ссыльнай Крысціны Остык-Нарбут, пячаткі паўстанцкіх арганізацый, рыштунак і ўзбраенне.
Выстава “Паўстанне 1863 г.: асобы, імёны, гісторыі” экспанавалася ў сакавіку-кастрычніку 2013 г. ў музеі “Аўшрос” (г.Шаўляй).
Партнёры выстаўкі: Літоўскі мастацкі музей, Тракайскі гістарычны музей, музей Кедайнскага краю, музей Біржанскага краю “Села”, краязнаўчы музей горада Панявежыса, краязнаўчы музей горада Укмярге, Жэмайційскі музей “Алка”, музей Рокішскага краю, музей Налшя, музей Кяльмскага краю, ГДГАМ (Беларусь).
Крыніца: museum-grodno.by