На выставе ў Гродне паказваюць адзіны захаваны сцяг паўстанцаў
Выставу арганізавалі Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і Шаўляйскі музей “Аўшрос” (Літва).
Юры Кітурка, дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея (на фота разам з Віргініяй Шукшчэне):
“Паўстанне было важнай падзеяй для развіцця нацыянальна-вызваленчага руху на землях былой Рэчы Паспалітай. Менавіта з яго пачынаецца значнае насіленне русіфікацыі.
Акурат у наступныя дзесяцігоддзі пасля паўстання ў нашым краі каваўся той пласт дзеячаў, рэвалюцыянераў, якія пазней прынялі актыўны ўдзел у расійскай рэвалюцыі 1905 года ды ў тых падзеях, пачаткам для якіх стала першая сусветная вайна.
Менавіта таму паўстанне 1863 года для нас важнае, таму мы да яго вяртаемся”.
Карціна Пётры Сергіевіча “Каліноўскі і Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў”, 1959 г.
Намесніца дырэктара Шаўляйскага музея “Аўшрос” Віргінія Шукшчэне патлумачыла, чаму акурат гэты музей узяўся за арганізацыю адной з самых яскравых у Літве выстаў на тэму паўстання.
“Яшчэ ў 1933 годзе мы першымі ў Літве арганізавалі выставу пра паўстанне. Да той выставы падыход да падзей быў іншы, чым зараз: лічылася, што паўстанне было польскай справай, а літоўцы не прымалі ў ім удзелу. Цяпер, праз 80 год, музей зноў вярнуўся да гэтай тэматыкі”.
З тых часоў падыход да паўстання ў Літве сапраўды змяніўся – 2013 год быў аб’яўлены соймам “Годам Паўстання 1863”.
Спадарыня Шукшчэне патлумачыла, што музей “Аўшрос” паставіў сабе задачу сабраць для юбілейнай выставы экспанаты з усіх літоўскіх музеяў. На ініцыятыву адгукнуліся 19 музеяў з Літвы, музей з Гродна ды два польскія музеі – з Аўгустова і Сувалак.
Аснова літоўскай калекцыі – каля 200 арыгінальных фотаздымкаў, які распавядаюць прыватныя гісторыі. Бо паўстанне гэта не толькі арганізацыя, кіраўнікі і баі, але і лёсы асобны людзей, шляхты і сялян.
Сярод літоўскіх экспанатаў – унікальны сцяг паўстанцаў (на фота вышэй), адзіны які захаваўся да сённяшняга дня. Ён быў знойдзены вучнямі ў касцёле зусім выпадкова. Ёсць і экспанат, што быў паказаны на першай выставе ў 1933 годзе – рымскі імшал аднаго з кіраўнікоў паўстання, ксяндза Антанаса Мяцкявічуса. Цікавы таксама мемуары Міхаіла Мураўёва, напісаныя, праўда, не ім асабіста, а сакратаром пад дыктоўку.
Гродзенскі музей прадставіў каштоўныя экспанаты, сярод якіх: дзённік паўстанца, паўстанцкія пячаткі, ёсць і рэчы з прыватных калекцый гарадзенцаў.
Выстава будзе працаваць у Гродне да сярэдзіны студзеня 2014 года.
Здымкі Яна Лялевіча