Пра культуру “па-сакратаўску”: як гарадзенцы шукалі кансэнсус
Мэта абранага метаду размовы – якасць разгляду асобнага пытання, а не колькасць абмеркаваных пытанняў. Пры тым пад якасцю разумеецца максімальны кансэнсус.
“Гродна – заангажаваны горад”, – словы Хрысціны Марчук (на фота), адной з удзельніц бяседы, сталі своеасаблівым эпіграфам для далейшай размовы.
Найперш удзельнікі мусілі прапанаваць свае пытанні – іх набралася ажно 15, але толькі чатыры найважнейшыя прайшлі далей па выніках галасавання:
1. Якія існуюць крытэрыі ангажаванасці нас ў культуру?
2. Якога кшталту культуру (палітычную, гарадскую, беларускую, экалагічную і г.д.) нам трэба развіваць, каб у гарадзенцаў ўзнікла адчуванне еднасці і адметнасці?
3. Як данесці ўжо сфарміраваную культуру горада для прыезджых?
4. Якім павінен быць ўзровень даходаў, каб узнікла патрэба ў культуры?
Але ж проста ўзяць і адказаць на пытанні не атрымалася! Хтосьці прапанаваў вызначыць, што такое культура ўвогуле, хто яе павінен ствараць, ці цікава яна сучаснаму чалавеку? Хтосьці заўважыў, што культуру трэба разглядаць не толькі ў вузкім сэнсе, але і ў шырокім (як мастацтва, як характэрную якасць грамадства, як экалагічную свядомасць і іншае). Былі заўвагі да фармулёўкі пытанняў: напрыклад, а хто такія “прыезджыя”?
Парушаць жорсткія прынцыпы і правілы Сакратаўскай бяседы, як гэта часам хацелася зрабіць ўдзельнікам, не дазваляла пільная мадэратарка Ірына Герасімовіч (на фота). У выніку ўдалося сфармуляваць адказ на першае пытанне:
“Асноўны крытэрый заангажаванасці – свядомае і добраахвотнае ўкладанне ў культуру ў шырокім сэнсе рэсурсаў (інтэлектуальных, людскіх, эмацыйных, часавых, матэрыяльных, фінансавых ды іншых), якімі чалавек распараджаецца”.
Адказ на другое пытанне таксама быў сфармуляваны не хутка. Розныя думкі агучвалі ўдзельнікі наконт другой праблемы:
-Каб у гарадзенцаў узнікла адчуванне еднасці і адметнасці, не трэба вылучаць адну культуру, а трэба развіваць усё разам, каб не выключаць якую-небудзь групу людзей.
– Адметнасць Гродна – шматкультурнасць. Ці той гэта тое, што трэба фармаваць?
– Прыезджы чалавек не да канца адчувае сябе гараджанінам, бо не да канца размее, што яму прадстаўлена, што з’яўляецца ягоным.
– Еднасць і адметнасць фармуюцца ступенню ўключанасці ў гарадское жыццё, узроўнем адказнасці за горад, і таксама – заангажаванасцю ў гарадскую культуру.
Вынікам была такая фармулёўка:
“Трэба развіваць і спрыяць заангажаванасці рэгіянальнай культуры, якая грунтуецца на веданні гістарычных і нацыянальных (не толькі беларускіх!) адметнасцяў і традыцый, пашане да індывідуальнасці мясцовых творцаў культуры, адкрытасці і разнастайнасці, стымуляванні ўдзелу жыхароў ў жыцці горада”.
Размова з выкарыстаннем элементаў Сакратаўскай бяседы ў традыцыі Леанарда Нэльсана і Густава Хэкмана адлюстравала сваю эфектыўнасць, хаця методыка і патрабуе нямала часу ад удзельнікаў. Да таго ж мноства пытанняў засталіся неразгледжанымі – яны могуць быць добрымі тэмамі для наступных дыскусій.
У часе дыскусіі адзін з яе ўдзельнікаў, мастак Сяргей Грыневіч, намаляваў партрэты некаторых прысутных.
Здымкі Яна Лялевіча