Віктар Саяпін: “Я ніколі на працаваў для ўзнагарод”

Спадар Віктар, пры атрыманні ўзнагароды вы адзначылі, што яна апынулася для вас нечаканай. Чаму?

 

Проста я ніколі не працаваў для узнагарод, але для пашырэння сярод гарадзенцаў гістарычных ведаў, каб яны больш ведалі знакамітую гісторыю свайго горада. Узнагароды заўсёды мяне менш за ўсё цікавілі. Але калі аргкамітэт падсумаваў вынікі працы гісторыкаў і краяведаў па папулярызацыі, узнаўленні гісторыі нашага горада, то атрымалася так, што ў мяне яны, хіба, найлепшыя.

 

Што дакладна вы лічыце сваім унёскам у развіццё гістарычнай думкі і папулярызацыі гістарычных ведаў у Гродне?

 

Кнігі. За апошнія гадоў пяць выдадзена аўтарскіх і ў сааўтарстве з нашымі вядомымі гарадзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі больш за дваццаць кніжак (у тым ліку матэрыялы навуковых канферэнцый).

 

У гэтым годзе я выдаў тры кнігі, і да канца года выйдзе яшчэ не менш за дзве. У выдавецтве “ЮрСаПрынт”, з якім я супрацоўнічаю, ляжаць рукапісы трох маіх кніг. Спадзяюся, што дзве з іх яны здолеюць выдаць да канца года. У апошнія гады ў мяне так і выходзіць – пяць-шэсць кніг за год. Гэта аўтарскія кнігі. Адна з іх будзе распавядаць аб помніках знакамітым людзям альбо падзеям, якія былі на тэрыторыі нашага горада ў розныя часы і не захаваліся.

Другая кніжка – пра гісторыю нашых гарадзенскіх касцёлаў, якія, на жаль, не захаваліся. Іх было некалькі ў нашым горадзе. Цяпер на іх месцы альбо пабудаваныя іншыя будынкі, альбо яны пераробленыя для іншых мэтаў.

 

Трэцяя невялічкая кніга раскажа пра фабрыкі і заводы, якія калісьці былі на тэрыторыі нашага горада, і якіх таксама ўжо няма. Гэта планы на бліжэйшыя месяца, а далей – будзе відаць. Планую пісаць і аб даваенным спорце.

 

У “Вячэрнім Гродне” пішу невялікія сюжэты для будучай вялікай кніжкі аб пасляваенным Гродне. Мы амаль не ведаем, як жылі гарадзенцы пасля вызвалення горада, якія штодзенныя клопаты ў іх былі, дзе яны працавалі, дзе вучыліся. З ведаў – толькі тое, колькі метраў тканіны вырабілі, або колькі штучных угнаенняў, а пра жыццё гарадзенцаў амаль нічога.

 

Гэта складаная тэма. Трэба было некалькі год працаваць у абласным архіве. Я прачытаў усе падшыўкі “Гродзенскай праўды” за ўсе гады, пачынаючы з сорак пятага. Амаль цэлы год на гэта патраціў. Са мной супрацоўнічаюць больш за трыццаць краязнаўцаў, калекцыянераў, якія прадстаўляюць даюць мне матэрыялы для друку.

 

Артыкулы. Мае артыкулы друкуюцца ва ўсіх гарадзенскіх газетах, таксама і ў часопісах. Думаю, мала ўжо не хапае да трохсот публікацый за апошнія дзесяць гадоў.

 

Ужо каля двух год ідзе публікацыя ў рэгіянальнай газеце “Перспектыва” аб Гродне міжваенных часоў. Там я пішу аб вельмі цікавых, але малавядомых для шырокага кола чытачоў фактах з гісторыі нашага горада.

 

У “Гродзенскай праўдзе” з маім калегам гісторыкам, краязнаўцам Аляксандрам Сявенкам пішам аб падземным Гродне – найменш даследаванай частцы нашага горада. Горад лічыць ужо амаль тысячу гадоў. Тое, што за гэтыя стагоддзі там было пабудавана, цяпер схавана. І трэба аб гэтым расказаць гарадзенцам.

 

Тэлепраект. На тэлевізійным канале “Гродна-Плюс” я зрабіў аўтарскі цыкл дакументальных фільмаў аб гістарычных архітэктурных помніках нашага горада, дзе я з’яўляюся і аўтарам сцэнарыя, і прадзюсарам, і вядучым. Магчыма, арганізацыйны камітэт палічыў усё гэта важкім унёскам у папулярызацыю гісторыі нашага горада.

 

А каго вы лічыце сабе дастойным канкурэнтам на атрыманне прэміі Ядкоўскага?

 

Андрэя Чарнякевіча, у першую чаргу, які ў мінулым годзе па пэўных прычынах адмовіўся ад яе. Гэта і Алесь Госцеў – мой даўні сябра (мы сябруем ужо 45 гадоў), мой калега, мой аднадумца. Ён атрымаў ужо такую прэмію ў мінулым годзе, а сёлета я атрымаў яе з яго рук.

Яшчэ хто? Юры Гардзееў заслугоўвае, але гэта не краязнаўца, гэта вучоны еўрапейскага ўзроўню. З ім мы таксама шмат гадоў супрацоўніччаем, я яму дапамагаю, але, канешне, больш ён мне. Таксама варты гэтай узнагароды з гарадзенскіх краязнаўцаў – Андрэй Вашкевіч.

 

Першым вы назвалі Андрэя Чарнякевіча. За што вы б яго выбралі лаўрэатам?

 

За яго ўлюбёнасць у наш горад і гісторыю, за апантанасць, у добрым сэнсе, у захаванні гэтай гісторыі, за яго прафесіяналізм. Гэта чалавек, які хварэе гэтым горадам, разумееце? Мала хто так ставіцца да нашага горада. Я б паставіў у гэтым сэнсе разам з ім у адзін шэраг і Андрэя Вашкевіча. Гэта людзі, якія найбольш хварэюць з-за кожнага асобнага будынка, зруйнаванага ў нашым горадзе.

 

Вы нічога не кажаце пра прафесара Вячаслава Шведа. Што думаеце пра яго кандыдатуру?

 

Ён таксама заслугоўвае прэміі. Але астатнім часам няшмат чаго можна прачытаць з яго распрацовак. Можа публікавалася трошкі менш за іншых. Яго ў першую чаргу не паставіў бы. А вось Чарнякевіч, Вашкевіч, Гардзееў… Думаю, што ў наступным годзе хтосьці з іх атрымае гэтую прэмію.

 

І, канешне, Таццяна Касатая. Яна шмат чаго робіць для горада. Але яна ўжо заслужана атрымала ўзнагароду ў мінулым годзе. Таксама магу назваць і Іну Соркіну, якая шмат піша, і Вольгу Сабалеўскую, якая шмат робіць для вывучэння гісторыі нашага горада.

     
 

Як распавёў  “Твайму стылю” адзін з арганізатараў канферэнцыі “Гарадзенскі соцыум” і сябра камісіі па ўручэнні прэміі імя Юзафа Ядкоўскага Алесь Смалянчук, для вызначэння крытэрыяў узнагароджвання ў свой час быў распрацаваны адмысловы статут. Галоўныя крэтырыі – гэта актыўнасць чалавека ў галіне распрацоўкі гарадзенскай гісторыі і папулярызацыі гэтай гісторыі.


У гэтым годзе было чатыры кандыдаты: Юры Гардзееў, Андрэй Вашкевіч, Віктар Саяпін і Вольга Сабалеўская. Капітула выказалася фактычна аднагалосна за Віктара Саяпіна. Павел Мажэйка, адзін з арганізатараў канферэнцыі, пацвердзіў, што супраць Віктара Саяпіна, не было аніводнага голаса.

 
     

Здымкі з архіву “Твайго стылю”