Гарадзенцы пазнаёміліся з вядомым польскім пісьменнікам Ігнацым Карповічам

|

Няглядзячы на адносна малады узрост, Ігнацы Карповіч даволі вядомы пісьменнік. Яго бібліяграфія налічнае шэсць раманаў, з якіх некаторыя намінаваліся на прэстыжную польскую літаратурную прэмію Nike і прынеслі аўтару ў 2010 годзе ўзнагароду ў выглядзе прэстыжнага “Пашпарта Палітыкі ” (узнагарода, якую з 1993 года прызнае дзеячам культуры часопіс “Polityka”).

 

Пісьменнік сустрэўся з зацікаўленымі ягонай творчасцю гарадзенцамі пасля таго, як меў сустрэчу са студэнтамі ГрДУ ім. Янкі Купалы. Ён, дарэчы, не пагадзіўся з тэзісам, што ягоныя кнігі цешацца папулярнасцю толькі сярод моладзі. Гэта было, зрэшты, відаць па публіцы. На сустрэчу ў консульства прыйшлі ў асноўным сур’ёзныя дзядзькі і цёткі, ды толькі часткова зацікаўленая пісьменнікам моладзь з Польскай Грамадскай Школы, якая дзейнічае пры Саюзе палякаў у Беларусі.

 

Мова сустрэчы была польскай і частка аўдыторыі магла не зразумець усяго, пра што ішла гаворка. Але ад бяседы з інтэлігентным суразмоўцам, якую вёў консул Веслаў Раманоўскі, можна было атрымаць асалоду, нават не разумеючы ўсяго да канца.

Пісьменнік быў апрануты даволі дэмакратычна: джынсы, швэдар, кеды. З лагоднай усмешкай і кубкам кавы ён пачаў адказваць на пытанні. Літаратурная сустрэча нагадвала сустрэчу двух сяброў, якія даўно не бачыліся і вырашылі падыскутаваць на розныя тэмы. Размова адбывалася ў поўнай цішыні, бо аўдыторыя баялася прапусціць хаця б адно слова.

 

Адказваючы на пытанне, чаму ў яго кнігах адчуваецца крытычны стасунак да польскіх традыцый і палітыкі, Ігнацы прызнаўся, што яму не падабаецца, калі людзі шмат чаго як у традыцыі, гэтак і ў палітыцы прымаюць проста на веру. У прыватнасці – словы тых жа палітыкаў.

 

Карповіч прызнаўся, што сам палітычных амбіцый не мае. “Я лічу, што гэта не было б  прадуктыўным. Каля 90 працэнтаў актыўнасці  і энергіі палітыка заўжды марнуецца на ўнутрыпартыйную барацьбу і ўжо няшмат застаецца на карысную дзейнасць” – заўважыў пісьменнік.

 

Закранае Карповіч  у сваёй творчасці і рэлігійныя тэмы. Раман “Ości” ў прыватнасці расказвае пра тое, што ў сучасных сямейных адносінах засталося ад Ісуса. На заўвагу пра песімістычнасць ягонай творчасці Карповіч адзначыў, што раман “Ości”, напэўна, самы аптымістычны ягоны твор. Веслаў Раманоўскі пагадзіўся, адзначыўшы, што раман сапраўды прасякнуты цеплай іроніяй, якая не пераходзіць у сарказм.

 

Калі суразмоўца пісьменніка заўважыў, што сучаснае грамадства перажывае крызіс сям’і, які займае шмат месца ў творчасці пісьменніка, Ігнацы Карповіч запрапанаваў паглядзець на гэтую з’яву з іншага боку. “Жонкі і мужы і 50 гадоў таму мелі любоўнікаў. І ўсе пра гэта ведалі. Проста прызнавацца ў гэтым было нельга. А зараз можна. І гэта няблага” – правакацыйна заўважыў Карповіч, падкрэсліваючы, што з удзячнасцю ўспрыме кожнае, ў тым ліку крытычнае, меркаванне адносна ягоных поглядаў.


“Я не заклікаю верыць маім кнігам. Не хачу, каб са мной згаджаліся. Я толькі прапаную выйсці за межы стэрэатыпаў” – патлумачыў сваю пазіцыю пісьменнік.

Пасля размовы Ігнацыя Карповіча з Веславам Раманоўскім, кожны прысутны меў магчымасць задаць пытанне пісьменніку. На жаль, гарадзенцы не адзначыліся вялікай актыўнасцю. Напэўна, не апошнюю ролю ў гэтым адыграў моўны бар’ер.

 

Але не выключана, што калі б прысутныя паспрабавалі задаць пісьменніку пытанні на беларускай мове, то ён бы іх не толькі зразумеў, але і паспрабаваў бы па-беларуску адказаць.

 

Справа ў тым, што, адказваючы на пытанне, ці ведае Карповіч, што яго лічаць польскім пісьменнікам з беларускімі карнямі, госць расказаў, што дзяцінства правёў к невялікай падляшскай вёсцы з бабуляй ды дзядулям, якія размаўлялі па-польску толькі ў афіцыйных установах, а паміж сабой – “па-простаму”. Менавіта гэтая “па-простаму” мова і стала той, на якой пачаў размаўляць знакаміты польскі пісьменнік.

 

У канцы сустрэчы шмат гарадзенцаў падыходзіла да пісьменніка з ягонымі кніжкамі, каб атрымаць аўтограф, што сведчыць пра папулярнасць аўтара ў нашым горадзе. Дзякуючы сустрэчы гэтая папулярнасць можа яшчэ павялічыцца. Вось што сказала нам адна з удзельніц: “Мы з сяброўкай прыйшлі, каб узбагаціцца інтэлектуальна. Мы не надта ведалі пісьменніка, але цяпер можам сказаць, што ён цікавы чалавек з незвычайнымі поглядамі. Хацелася б яго пачытаць, асабліва апошні раман”.


“Гэта проста цікавая падзея, таму я вырашыла прыняць у ёй удзел” – выказалася іншая прысутная на сустрэчы асоба.


“Чалавек, безумоўна, цікавы. Я б нават падыскутавала з ім, але, на жаль, прысутнічае моўны бар’ер” – паскардзілася нам яшчэ адна аматарка літаратуры.

 

Здымкі Радыё Свабода i znadniemna.pl