“7 минут жизни” ў Моладзевым цэнтры: дыскрымінацыя студэнтаў у іхнае свята

|

З нагоды Дня студэнта Моладзевы цэнтр “Гродна” яшчэ за месяц запрашаў усіх жадаючых на свята року. Уваход анансаваўся без абмежаванняў, таму 16 лістапада студэнты – будучыя, дзеючыя і былыя – таўкліся каля ўвахода ў МЦ ужо за гадзіну да пачатку.

 

Аднак, не вельмі актыўных наведвальнікаў сацсетак чакаў сюпрыз: раніцай у суполцы мерапрыемства Укантакце напісалі, што ўведзеныя ўзроставыя абмежаванні ад 18 гадоў і ўваход будзе ажыццяўляцца на пашпартах. Цікава, што некаторым студэнтам яшчэ няма 18 і іх не пускалі, нават па студэнцкім білеце. Пра навучэнцаў сярэдне-спецыяльных вучэбных устаноў арганізатары і ўвогуле забыліся: іх узрост часта не перакрочвае 16 ці 17 гадоў. Затое ўваход быў дазволены ўсім былым студэнтам.

Узроставыя абмежаванні звязаныя былі быццам бы з тым, што ў  бары не маюць права прадаваць алкаголь непаўнагадовым. Атрымліваецца, што замест таго, каб прадаваць алкаголь па паштартах, частку студэнтаў на іх жа свята вырашылі не пускаць наогул. Сярод прычын дыскрымінацыі непаўнагадовых студэнтаў быў і так званы “дзіцячы час”. Справа ў тым, што восенню непаўнагадовым нельга знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослага пасля 22.00 гадзіны. А канцэрт павінен быў скончыцца каля 23.00.

Трэба сказаць, што выступаючыя на канцэрце гурты папрасілі ва ўсіх прабачэння за абмежаванні ў стасунку да часткі моладзі  і выказалі спадзяванні, што гэта не апошняя сустрэча. Паколькі распараджэнне пра ўзроставае абмежаванне з’явілася толькі ў дзень канцэрта, шмат хто адчуў сябе падманутым.

Пачаўся канцэрт з выступу гарадзенцаў з “Feel the same”. Хлопцы выдалі сапраўдны рок! Салодкія дзяўчаткі сціпла танчылі і строілі вочкі вакалісту з не менш соладкім голасам. Як заўседы, знайшліся тыя, хто “разбавіў” атмасферу “дзіцячага ранішніка”. Два аматары выбеглі танчыць пад сцэну, нагадваючы прышэльцаў з гранжавых канцэртаў 90-х і ўвасабляючы сабой  ілюстрацыю да  песні ўкраінскага музыкі Івана Дорна “Не трэба саромецца”. Такое свавольства не спадабалася ахове, і яна даступна дала зразумець, як паводзяць себя “добрыя дзеткі”.

Пад таямнічую музыку на сцэне з’явіліся джамперы-бокеры на хадулях і ў чорных плашчах. Яны ўмела злучылі акрабатыку і таямнічасць. Два хлопцы па чарзе перескаквалі праз дзяўчыну.

“НаОдинДень!” – мінскі гурт, які грае нядрэнны поп-рок. Хлопчыкі ў цішотках і паласатых кашулях заваявалі сэрцы публікі добрымі словамі пра Гродна, запэўніваючы, што гэта не дзяжурныя кампліменты. “Мы не мясцовыя, – пачалі яны, – але зараз на адзін дзень пабудзем гарадзенцамі. Ёсць думка, што усё, што гучыць – машыны, размовы людзей – гэта музыка. Мы лічым, што ў Гродне грае добрая музыка”.

Гурт паскардзіўся на дым, з-за якога нічога не было бачна. Сапраўды, пускаць дым у вочы ў прамым сэнсе гэтага слова – гэта ўжо звычайная практыка ў МЦ Гродна, якая ў шмат каго выклікае асацыяцыі з канцэртамі Алы Пугачовай у перыяд найбольшага росквіту яе кар’еры. “Можна зладзіць слэм?” – ці то сапраўды цікавячыся, ці то жадаючы напомніць пра свае існаванне ахове, якая ўжо прысела з адчуваннем выкананага доўгу, спытаў нехта. “Лепш не трэба” – прагучаў адказ.

Гарадзенскі гурт “7 минут жизни” быў шчодрым на падарункі. Акрамя віктарыны, падчас якой кожны ўдзельнік  мог атрымаць значак з сімволікай гурта, адказваючы на элементарныя пытанні вядучага, была таксама і латэрэя. У ёй можна было атрымаць майкі, магніцікі і іншыя нішцякі. Пасля латэрэі “7 минут жизни” абвясцілі конкурс на лепшы фотаздымак, зроблены падчас выступу гурта. Працы на конкурс прымаюцца да 23 лістапада.

Нарэшце з’явіліся хэдлайнеры. Вакалістка “7 минут жизни” рухалася, як Дэйв Гаанб, але спявала, як дзяўчынка з Тату. Гурт прэзентаваў новую песню “Вливайся”, а ў канцы выступу запрапанаваў зрабіць агульны здымак.

На гэтым пазітыўным акцэнце канцэрт скончыўся, а яго наведвальнікі  падзяліліся ўражаннямі:

 

“Настолькі разнастайны натоўп я бачыў толькі ў Маскве ў метро, у гадзіну пік. Шкада, што не трапіў на“Feel the same”, – сказаў хтосьці, хто спазніўся на пачатак канцэрта.

 

“З хэдлайнерамі памыліліся, – заявіў іншы аматар музыкі. – Слухаць “НаОдинДень!” было нашмат прыемней. З “7 минут жизни” запомнілася толькі адно – пафас”, – дадаў ён.

 

“А мне спадабаўся выступ “7 минут”, – не пагадзіўся іншы. – Яны сапраўды запалілі натоўп. І не было там ніякага пафасу!”

Вось як падсумавала мерапрыемства адна з ягоных арганізатарак, вакалістка “7 минут жизни” Юля Сасноўскіх:

 

“Гэта мерапрыемства – цалкам наша заслуга. Ад ідэі да выканання. Чаму мы вырашылі запрасіць менавіта гэтыя гурты? З Яўгенам Паўленям, вакалістам і гітарыстам гурта “Feеl the same”, мы сябруем і супрацоўнічаем даўно. Хлопцы рухаюцца добрымі тэмпамі – ужо маюць сваіх прыхільнікаў, іх музыка падабаецца. “НаОдинДень!” – гурт дагэтуль невядомы ў нашым горадзе. У нас прывыклі супрацоўнічаць толькі з тымі, хто нечага дамогся, хто ўжо на слыху. Тым часам ідзе сталы кругазварот гуртоў. Вось мы і вырашылі паспрабаваць нешта новае, і запрасілі гурт “НаОдинДень!”. Атрымалася цудоўна”.

 

Пра тое, што хтосьці палічыў “разагрэў” лепшым за выступ хэдлайнераў, якіх абвінавацілі ў залішнім пафасе, Юля адказала:

 

“Нельга дагадзіць ўсім. Мы былі гатовы да гэтага, але хацелі зрабіць мерапрыемства прыгожым і як мага больш цікавым. Мы зрабілі яго ўласнымі сродкамі, у нас няма багатых “папікаў”. Які пафас? Мы звычайныя рабяты, якія хочуць добра выглядаць на сцэне, таму што мы яе паважаем. Гэта частка нашага жыцця. І асноўная частка душы”.

 

Юля таксама падзялілася творчымі планамі:

 

“Галоўнае, што наш трэк прынялі на радыёстанцыі. Гэта прыемнае завяршэнне вечара для нас. Вельмі хочацца дзейнічаць. Мы ўжо былі ў Лідзе і маем там прыхільнікаў. Зноў хацелася б туды з’ездзіць. Калі? Паінфармуемць у суполцы Укантакце!”

Тыя, каму ўдалося трапіць на канцэрт, засталіся задаволенымі. Камусьці спадабалася пакпіць з аховы, камусьці музыка, камусьці прызы. Калі б не накладка з узроставым абмежаваннем, пра якое арганізатары паведамілі ў апошні момант, можна было б ацаніць  студэнцкае свята на “выдатна”.

 

Здымкі Уладзіміра Ларыёнава