У СССР загадзя ведалі пра забойства Кенэдзі?

|

Коратка нагадаю, пра што ішла гаворка. Уласны карэспандэнт у ЗША савецкай газеты “Известия” Станіслаў Кандрашоў у сваім рэпартажы з месца здарэння напісаў, што ракавыя стрэлы ў амерыканскага прэзідэнта былі зроблены з буйнакалібернай нямецкай вінтоўкі “Маўзер”. Хаця на самай справе паліцыя знайшла на месцы злачынства вінтоўку “Каркана” італьянскай вытворчасці. Чаму карэспандэнт пераблытаў назвы зброі, не зусім зразумела і цяпер.

 

Гэта газетная дзіўнасць, якая ўзнікла літаральна праз дзень пасля забойства Джона Кенэдзі. А праз год з’явілася, калі можна так сказаць, кніжная дзіўнасць у гэтай таямнічай справе. У 1965 г. была пастаўлена апошняя кропка ў аповесці вядомага савецкага пісьменніка, лаўрэата Сталінскай прэміі, Валянціна Катаева “Святы калодзеж”. Гэты твор адносіўся да так званай “новай” прозы аўтара.

 

Валянцін Катаеў увайшоў у савецкую літаратуру, як добры рэаліст. Скажам, яго аповесці “Бялее ветразь адзінокі” і “Сын палка” шмат гадоў вывучаліся ў школах СССР. Аднак у дастаткова салідным узросце пісьменнік вырашыў паспрабаваць свае сілы ў новым жанры асацыятыўнай прозы. З-пад яго пяра адзін за другім пачалі выходзіць творы, у якіх рэалізм моцна пераплятаўся з фантастычнымі матывамі, скразны сюжэт адсутнічаў, а лірычны герой досыць вольна перамяшчаўся ў часе і прасторы.

 

Чытачы станоўча прынялі новага Катаева, яго кніжкі цяжка было набыць у кніжных крамах. У 1977, акурат тады, калі адзначалася 80-годдзе пісьменніка і да гэтай даты выйшла некалькі юбілейных выданняў яго кніг, мне пашчасціла набыць адну з іх у кіёску нейкай чарговай надакучлівай камсамольскай канференцыі ў Іўі. Зборнік прозы пісьменніка пачынаўся аповесцю “Святы калодзеж”. І вось якія радкі ў ёй уразілі мяне яшчэ тады:

 

Я ўбачыў забойства прэзідэнта за год да таго, як яно адбылося. Вуліца ў жалобным Даласе, якая насіла назву Х’юстан-стрыт, скакала ва ўсе бакі, таму што кінааператар ехаў у машыне, здымаючы прэзідэнта. Потым з’явілася іншая вуліца. У кінааператара дрыжэла рука. Прэзідэнт споўз з сядзення, а яго галава нырнула ўніз… Упершыню ў жыцці я стаў сведкам адваротнага руху часу”.

 

Што гэта, проста фантазія аўтара? У адным з апошніх інтэрв’ю, якое Катаеў даў часопісу “Змена”, ён адзначыў: “У апошнія гады жыцця я імкнуўся расказаць пра таямніцы, якія ведаў”. Дык, можа, менавіта з гэтай пазіцыі і трэба ацэньваць радкі са “Святога калодзежа”?

 

У іншых сваіх творах, напісаных у заключны перыяд жыцця, пісьменнік расказаў шмат  чаго цікавага і невядомага раней шырокаму чытачу. Напрыклад, у невялікай аповесці “Ужо напісаны Вертэр” так ярка і праўдзіва намялавана тое, чым займаліся чэкісты ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, што гэта нават выклікала незадавальненне тагачаснага шэфа КДБ СССР Юрыя Андропава. Той адразу пачаў скардзіцца на крамольнага аўтара ў ЦК КПСС.

 

Увогуле, збіраючы многія гады звесткі пра трагедыю ў Даласе, я са здзіўленнем адзначаў, колькі ў гэтай гісторыі рознага кшталту менавіта савецкіх дзіўнасцяў. Напрыклад, мяркуемы забойца прэзідэнта Лі Харві Освальд з’явіўся ў Маскве ўвосень 1959 г. І адразу агучыў сваё жаданне жыць у Савецкім Саюзе і разам з іншымі яго грамадзянамі будаваць камунізм. Аднак чамусьці ні савецкую выведку, ні контрвыведку ён не зацікавіў. Нават у ідэалагічных мэтах амерыканскага хлопца вырашылі не выкарыстоўваць. Так і хочацца ўсклікнуць: чаму? Няма адказу.

 

Уладамі Савецкага Саюза было нават прынята рашэнне адправіць перабежчыка назад, у ЗША, аднак не атрымалася. У рэшце рэшт, Освальд дамогся свайго і трапіў у Мінск, дзе пражыў некалькі гадоў.

 

Дарэчы, яго таварышы па працы з Мінскага радыёзавода час ад часу ездзілі на экскурсію ў Літву па звыклым і папулярным ужо тады маршруце: Мінск-Гродна-Друскенікі-Вільня-Мінск. Освальд цікавіўся жыццём у Прыбалтыцы, аднак трапіць туды яму так і не давялося. Па некаторых дадзеных, калі ён ужо запісаўся ў чарговую турыстычную групу, нехта з начальства выкрэсліў яго са спісу. Быццам бы за тое, што Освальд дрэнна адносіўся да працы на заводзе.

 

Гэты эпізод вельмі не спадабаўся амерыканцу. Увогуле, жыццё ў СССР яго расчаравала, і ён вырашыў вярнуцца на радзіму. Яму і яго савецкай сям’і не перашкаджалі, што таксама было дзіўна на той час. А потым настала 22 лістапада 1963 г., і ракавыя стрэлы прагучалі ў горадзе Даласе.