Канец сезону. “Нёман” скончыў выступленне ў чэмпіянаце нічыёй з “Шахцёрам”

|

Напярэдадні апошняга матчу гарадзенцаў у інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб магчымым пераходзе галоўнага трэнера “Нёмана” і некалькіх перспектыўных футбалістаў у стан “Шахцёра”. Як мы ўжо пісалі, футбалісты і трэнер запэўнілі заўзятараў, што не варта паддавацца правакацыям.

 

Апошні тур прыйшлося гуляць “Нёману” менавіта з “Шахцёрам”.

 

У гульнявы дзень гарадзенцам атрымалася першымі адкрыць лік. На шостай хвіліне матчу лік адкрыў Ягор Зубовіч. Гэта трэцi гол Ягора ў чэмпіянаце. Але пад самы занавес першага тайма гаспадары зраўнялі намаганнямі Асіпенкі.

 

У другім тайме гледачы забітых мячоў не ўбачылі, але жаданне забіць гол з абодвух бакоў было прыкметным. Выніковы і, напэўна, заканамерны лiк 1:1. “Шахцёр” другі ў табліцы чацвёрты год запар. А “Нёман” – чацвёрты, палепшыўшы свой вынік у параўнанні з мінулым годам на адзін радок.

 

Пасля матчу Сяргей Саладоўнікаў:

 

 – У меншай ступені хацелася б гаварыць пра сам матч. Лепш павіншую ўсіх аматараў футбола са сканчэннем чэмпіянату. Вядома, крыху сумна. Яшчэ ўчора здавалася, што чэмпіянат толькі пачынаецца, а сёння ўжо прайшла апошняя гульня. У гэтым матчы мы хацелі праверыць маладых футбалістаў.

 

Дзякую камандзе за тое, што правялі паспяховы сезон. Але гэта толькі крок, і нам трэба імкнуцца да далейшых поспехаў. Віншую Уладзіміра Жураўля. Чатыры гады быць другім – гэта добры вынік. Я думаю, што ўсім тым, хто прыйдзе сюды пасля яго, будзе цяжка паказаць лепшы вынік.


Вас актыўна сватаюць на месца Жураўля…

 

– Я асоба афіцыйная, таму скажу дзве рэчы. На сённяшні дзень “Нёман” кантракт са мной яшчэ не працягнуў, але і пагадненняў з іншымі клубамі я не падпісваў.

 

Сітуацыя з галоўным трэнерам “Нёмана” і футбалістамі яшчэ не растлумачаная. Так што нас чакае цікавае міжсезонне.

А ў хуткім часе мы падрыхтуем для вас вынікі сезону і абярэм лепшага гульца футбольнага “Нёмана”!

 

Загалоўны здымак Волі Трафімовіч