Мікіта Nomerz: “Стрыт-арт запаўняе пустэчы і ажыўляе горад”

Мікіта Nomerz – просты хлопец з Ніжняга Ноўгарада, для якога мастацтва стрыт-арту стала своеасаблівым стылем жыцця. Мастак удзельнічае ў розных праектах і фестывалях вулічнага мастацтва, як у родным горадзе, так і ў іншых гарадах Расіі. Самымі запамінальнымі сталі фэст “Сцянаграфія” (2012), праект, арганізаваны хлопцамі з Піцерскага арт-музея, праект “Арт-ферма”, а таксама фестываль, найбуйнейшы для Расіі, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі розных гарадоў (Навасібірск, Масква, Чэлябінск і інш), у тым ліку і беларускіх.

На сустрэчу з расейскім мастаком прыйшла ў асноўным моладзь. Нікіта прапанаваў слухачам лекцыю з відэаролікам і прэзентацыяй “Горад – пляцоўка дзеянняў”.

– Нейкай пратэстнасці ў маіх працах, я думаю, няма, – тлумачыць бачанне ўласнай творчасці мастак. – Кожная праца – часцінка майго ўнутранага свету, эмоцый. І ёсць такія месцы, якія самі дыктуюць правілы, я ж – своеасаблівы інструмент, які падкрэслівае гэтую мясцовасць. Працы ажыўляюць яе і надаюць настрой людзям”.

Усё пачалося з вежы на беразе Акі…


Чаму менавіта вуліца стала аб’ектам для самавыяўлення і што хлопец ўкладае ў паняцце вулічнага мастацтва?

 

– На першых этапах гэта было хутчэй графіці, чым стрыт-арт. Назваць сябе дзеячам мастацтва мне складана, таму што для мяне мастакі – гэта тыя, чые працы знаходзяцца ў галерэях. Знешні фактар для мяне цікавы, тое, што вуліца даступная для ўсіх, не зачыненая. Кожны мінак – глядач і чытач маіх твораў. Менавіта гэта мяне і трымае.

Адна з мясцін ва Уральскіх гарах

 

Заўсёды хацелася тварыць, але не хацелася ўсё гэта хаваць. На вуліцы – гэта зусім іншы фармат. Гэта ўжо не штосьці маленькае, а хутчэй размашыстае. Гэта архітэктурныя асаблівасці паміж сцяной і дахам. На вуліцы ты можаш выкарыстоўваць спадручны матэрыял. Нават нейкія недахопы – напрыклад, расколіны, усё гэта для мяне цікава, і ўсё гэта удзельнічае ў стварэнні малюнка. А далей створаныя працы на вуліцы жывуць сваім жыццём. Бывае нават так, што яны могуць дамалёўвацца іншымі мастакамі.


Ці складана выбраць месца для роспісу?

 

– Не ўсе месцы прыдатныя для малявання, нават у вашым горадзе. Дамы, вядома, прыгожыя. Я, дарэчы, заўважыў, што ў беларускіх гарадах значна менш рэкламы у параўнанні з Масквой і нават маім Ніжнім Ноўгарадам. Наконт месца, то да яго выбару тым, хто малюе, трэба падыходзіць адказна. Цікава выбіраць месца з пункту гледжання архітэктуры. Чалавек стрыт-арта ведае, што яму давядзецца працаваць з аб’ектамі, тым цікавей працэс. Усе аб’екты для сваіх прац я імкнуся знаходзіць сам.

Гэтае месца я знайшоў на ўскраіне Піцера. Не ведаю, што гэта такое….Бомбасховішча нейкае…


Вулічнае мастацтва часта недаацэньваюць. Як ты думаеш, чаму многія не разумеюць і асуджаюць стрыт-арт? Чаму хтосьці рады таму, што шэрую сцяну ўпрыгожыў прафесійны малюнак, а хтосьці называе гэта хуліганствам?

 

– Па-першае, склаўся такі стэрэатып, што калі балончык у руцэ, значыць, гэта ўжо нешта небяспечнае. Напэўна, гэта з-за таго, што акрамя асэнсаванага малявання існуе шмат надпісаў вандальных і г.д., і таму складваецца ў людзей такое меркаванне, што ты нібыта вандал.

Адна з прац у Екацярынбургу

 

Я казаў пра тое, што бываюць праблемы з уладамі і не толькі, і нярэдка трэба пытацца, ці не супраць яны. Бывае, што людзі проста падыходзяць, пачынаюць сварыцца, крычаць, а потым, калі ўсё высвятляецца, аказваецца, што яны нават і не супраць такіх малюнкаў. Таму, я лічу, калі нейкія пытанні ёсць, трэба спачатку падысці і загаварыць з графіцістам, спакойна спытацца ў яго тое, што важна і трэба – такая магчымасць ёсць заўсёды, а ўжо потым рабіць свой выбар.

Гэтыя вочы я намаляваў у Ніжнім ноччу, каб не прыцягваць увагу. Праз пару дзён яны зніклі, што для мяне вельмі сімвалічна – паехалі вандраваць у іншыя мясціны


Што можаш пажадаць пачынаючым графіцістам і наогул стрыт-арту?

 

– Пажадаў бы не баяцца хадзіць рабіць малюнкі, старацца падыходзіць да справы адказна, “з галавой”, з пачуццём, з любоўю. І да творчага працэсу трэба падыходзіць не як захопнік, не з мэтай спаборніцтва з кімсьці. Трэба разумець, што гэта публічнае месца, сценка, на якой ты малюеш – не толькі твая, яна – для кожнага чалавека, які праходзіць міма, які жыве ў гэтым горадзе. Гэты кірунак тым і цікавы, што ты выходзіш, не пытаеш нікога, і малюеш.

Волаты

 

Стрыт-арту я жадаю развіцця, каб дадзены кірунак не спыняўся, каб знаходзілася штосьці новае, з’яўляліся ідэі і праекты; каб людзі прымалі і не пагарджалі стрыт-артам, каб ставіліся да яго як да мастацтва.

Восенню мяне запрасілі ў Кітай, у горад, што недалёка ад Уладзівастока. Была магчымасць паглядзець горад і знайсці месца там. І вось з’явіўся вобраз такога кітайца. Дарэчы, у Кітаі ўвогуле няма стрыт-арту

 

Зараз Мікіта стварае новую серыю малюнкаў, выкарыстоўваючы новыя крэатыўныя ідэі, ужываючы розныя падыходы. Кожную працу ён імкнецца дапоўніць якімі-небудзь знакамі і сімваламі. Таксама вулічны мастак увасабляе ў жыццё і сваю новую задумку – здымае відэа і кіно пра сябе, пра людзей, звязаных са стрыт-артам.

 

Шмат у чым мастаку дапамагаюць яго паездкі і падарожжы. Яны не толькі знаёмяць з аднадумцамі з розных гарадоў, але і, па яго словах, “вельмі моцна напаўняюць, надаюць ідэі і думкі”. Наогул, “ключ магчымасцяў у нашых руках”, – лічыць ніжняноўгародскі мастак Мікіта Nomerz, а такое мастацтва як стрыт-арт – “запаўняе пустэчы, стварае прастору, і ажыўляе горад”.

 

Здымкі Яна Лялевіча і з архіву Мікіты Nomerz