20 in rock: успомніць усё
Сярод гледачоў было мноства музыкаў. Старыя сябры віталіся, пытаючыся: “Ты іграць прыйшоў?”, на што чулі найчасцей: “Ды не, паслухаць”. Многія прыйшлі з дзецьмі, з маленства прывучаючы іх да добрай музыкі. Многія засталіся такімі ж маладымі і лёгкімі на пад’ем, якімі былі 20 гадоў таму, з такімі ж доўгімі валасамі. Моладзь прыйшла паслухаць, “як яно было тады”.
Пачатак канцэрта быў вельмі нават сучасны – своеасаблівы трамплін у мінулае. Jungle X-mas сыгралі інструментальную праграмму, якая нашмат адрознівалася ад той, якая была 20 гадоў таму. Дарэчы, склад гурта за 21 год не змяніўся. Музыкі па-ранейшаму яны закранаюць шмат напрамкаў. Звычайна такая музыка “заходзіць” толькі спачатку, калі публіка яшчэ сапраўды слухае музыку.
Гурт Green Dance заклікаў усіх не сумаваць, але сам выклікаў розныя эмоцыі. “Я, канешне, разумею, рэтра, але не для бабулек і дзядулек жа… ” – разачаравана сказаў нехта каля мяне і адыйшоў паліць. “Здаецца, яму ўжо добра”, – пракаментаваў пазітыўны настрой вакаліста іншы глядач.
Вёў канцэрт Dj Вова, вядучы праграмы “Цяжкі панядзелак” на Радыё MFM. Ён прапанаваў адвесці дзяцей далей ад сцэны, каб яны не трапілі пад буйства дарослых. “Здаецца, дзеці цяпер будуць ведаць пра бацькоў усё. Адыдзіце, дзеткі, вашы бацькі ўспамінаюць маладосць!”
Гурт “Воображаемые люди” спяваў пра тое, што “яна пайшла кудысьці ў туман, а ён застаўся”. Рэдкі выпадак, калі праца дым-машыны была да месца. Некаторыя чамусьці прыйшлі да высновы, што гурт нагадвае “Сплин”, магчыма ў гэтым “віна” флейтыста.
Юры Дубовік (на фота), лідар гурта і арганізатар канцэрта, падзякаваў прысутным у зале музыкам, якія ў розныя часы гралі ў “Воображаемых людях”. Таксама ён дадаў: “Гэтым канцэртам мы хочам сказаць, што ўсё нармальна, мы ў тэме. І ў Моладзевым цэнтры можна граць нармальную музыку. Шкада толькі, сцэна стала меншай з 1997 года”.
Гурт “Погост” былі аб’яўлены як “вельмі сур’ёзныя рабяты, якія граюць у змрочным стылі” і як вялікія эксперыментатары. Менавіта на іх танчыць пачаў увесь зал. Таксама яны адзначыліся цікавым і рэдкім у нас інструментам – тэрменвоксам (на фота ніжэй інструмент выстае часткова з-за музыкі).
Успомнілі ў час канцэрту і той факт, што калісьці Гродна ў СССР быў поруч з Піцерам сталіцай року, “рок-сіці”, ад якога затым “усё і пайшло”. Гэта даказвала і разнастайнасць жанраў, у якіх гралі калектывы: спэйс-рок, прагрэсіўны рок, трэш і г.д. З сапраўдным гонарам пералічвалі музыканты гурты, якія пайшлі ад тых, што сабраліся 20 год таму.
“Два апошнія гурты – вось будзе сапраўдны трэш”, – шапнуў мне нехта. Сапраўды, і старыя, і маладыя танцавалі, трэслі валасамі. Больш сціплым даводзілася ціснуцца каля сцен, каб не адчуць на сабе ўсю моц любові гледача. “Ніколі не думаў, што змагу пачуць The Post ужывую”.
The Post
Мноства людзей прыйшлі ў гэты дзень менавіта на апошні гурт – Next. Падчас іх выступу стала сапраўды горача. І толькі ўсе вайшлі ў кураж, як музыкі нечакана кінулі граць. Іх клікалі яшчэ, гурт зайграў песню, але вакаліст нават не выйшаў.
Расказвае Юры Дубовік, адзін з арганізатараў канцэрта:
“У музыкаў ёсць патрэба граць. Гэта быў невялікі юбілей усіх гуртоў. Таксама мы хацелі паказаць, што тая музыка, якую граюць 20 гадоў, не можа быць дрэннай – усё прафесійна, цікава, якасна.
Ці можам мы быць прыкладам для сучасных гуртоў? У сучаных гуртоў сучасны саунд. Тут гралі музыкі, якія граюць з цалкам іншым гукам, іншыя песні, іншыя напрамкі. Таму я не раіў бы браць з нас прыклад, а развівацца ў сваім напрамку і кайфаваць ад гэтага”.
Сяргей Фінскі, Jungle X-mas:
“Гэта было нешта кшталту рэанімацыі. Некаторыя музыкі ўжо пакінулі ўсё гэта. У першую чаргу, канцэрт быў патрэбен самім музыкам”.
Успамінае Іван Кебіч, які граў амаль што з усімі калектывамі, якія выступалі:
“Былі моманты, калі можна было ўспомніць тую атмасферу, якая засталася ў памяці. Але… публіка іншая, сцэна іншая, формат залы і нават гучання ўвогуле іншы. Таму, калі ў двух словах, усе па-іншаму. Але,калі ведаць песні тых гадоў, можна ўсё адчуць. Мне ўдалося, але момантамі.
Час ідзе і некаторыя рэчы нельга ўтрымаць на месцы: іншыя інструменты, іншая апаратура, усё змяняецца. Калі раней мы нешта прыносілі з дома, паялі, збіралі інструменты як маглі, самадзельных была кіпа. Гэта было больш каштоўным, зараз нашмат больш такіх рэчаў, больш канцэртаў, раней мы проста маліліся на гэты сэйшн, за месяц рыхтаваліся, хутка-хутка, дні лічылі, гэта было важнейшае мерапрыемства для такіх вось аматараў. Але я і зараз стараюся наведваць усе канцэрты, нават у розных краінах”.
Ілля Грынкевіч, наведвальнік канцэрта:
“Гэтым гуртам дакладна 20 гадоў! Гэта бачна. Іх ужо прыручыў побыт і сям’я. Увогуле, адрозніваюцца стыль, манеры, паводзіны. Ну і тэкст, бо тады спявалі аб іншым. Рок-музыка лёгкая, дастаткова простая, быццам не сфарміраваная. У тыя гады толькі асвойваўся рок і метал. Як сказаў адзін з удзельнікаў Post: “Гэта не папса, гэта тое, што прайшло праз мясарубку 90-ых”. “Погост”, мне здалося, аж перашчыравалі ў эксперыментах. Найбольш мне спадабаўся NEXT. Калі яны гралі, мне давялося паўдзельнічаць у слэме са “старыкамі”. Першы раз я упаў. Ёсць яшчэ ў іх порах у парахаўніцах!”
Здымкі Яўгена Кандратовіча, samlook.org
Відэа Андрэя Ломава