Беларусь стане бязвізавай на 36 дзён. Для аматараў хакею
Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Леанід Мальцаў, адказваючы на пытанне дэпутата Аляксея Кузьміча ў Палаце прадстаўнікоў. Пра гэта сёння паведаміла БелТА.
Найбольшая плынь удзельнікаў і заўзятараў чэмпіяната чакаецца праз Нацыянальны аэрапорт Мінск і аэрапорт Мінск-1, а таксама аўтадарожныя пункты пропуску “Каменны Лог”, “Катлоўка”, “Бераставіца”, “Брузгі”, “Брэст”, “Дамачова”, “Новая Рудня”, “Новая Гута” і жалезнадарожныя “Гудагай”, “Брэст”, “Церуха”, “Церахаўка”.
Каб справіцца з павялічнай плынню памежнікі плануюць увесці электронную чаргу, накшталт той, якія выкарыстоўваюцца ў банках. У пунктах пропуску адчыняцца таксама дадатковыя стаянкі з месцамі для адпачынку, пры ўездзе на якія будзе фіксавацца час. Далей кіроўцаў будуць інфармаваць пра меркаваны час падыходу чаргі праз СМС і з дапамогай электроннага табло.
Памежнікі ўжо выбралі пункт пропуску, на якім будзе тэставацца пілотны праект. Аднак, пакуль не раскрываюць таямніцы.
Для грамадзян Беларусі ўсё можа стаць яшчэ прасцей. Для іх плануецца ўвесці магчымасць зарэгістраваць на сайце памежнага камітэту намер перасекчы мяжу. Чалавек зможа зарэзерваваць час, калі трэба прыехаць у пункт пропуску (напрыклад, з 10 да 11). Калі спазніцца – будзе вымушаны стаць у агульную чаргу. Няма ніякіх прапавых абмежаванняў, каб увесці такую сістэму – трэба толькі падрыхтаваць яе з тэхнічнага боку.
Здымкі gpk.gov.by