Памяці мастака: Зміцера Іваноўскага ўспамінае Юры Камягін

|

Аднойчы я завітаў у майстэрню мастака. Там як раз адбывалася цікавая сустрэча, у якой удзельнічалі грамадскія актывісты, журналісты і нават адзін генерал. Размова ішла наконт чарговай грамадскай кампаніі, але гаварыць прыходзілася пад гучную беларускую музыку, якую выдаваў даволі моцны дынамік.

 

Ды і дыспазіцыя ў майстэрні выглядала крыху незвычайна. Дынамік з музыкай знаходзіўся ў адным канцы вялікага пакоя, а суразмоўцы – у другім. Больш за тое, усе, хто заходзіў у майстэрню, здавалі мабільныя тэлефоны гаспадару, а той у сваю чаргу складваў апараты непасрэдна перад дынамікам. На мой здзіўлены позірк прагучаў адказ, што такім чынам праз тэлефон адпаведным службам немагчыма будзе праслухаць размовы ў майстэрні. Не ведаю, канешне, наколькі гэта рэальна, але, калі  ў той дзень праслухоўванне вялося, то таварыш аператар меў невялічкі канцэрт добрай беларускай музыкі.

 

Дадам, што нічога крамольнага і не абмяркоўвалася. Гучалі жарты і разнастайныя аповеды пра наша паўсядзённае жыццё. У нейкі момант я паглядзеў на Зміцера, які дзяжурыў каля дынаміка з тэлефонамі і падумаў: аднак жа, сапраўдная кафкіянская рэчаіснасць, вось бы атрымалася карціна, змрочная, напоўненая чорным колерам.

 

Але творчасць Зміцера Іваноўскага фіксавала тое добрае і светлае, што ўсё ж такі адбывалася ў нашым жыцці. Адна з яго карцін ёсць у маёй хаце. Мастак падарыў твор маёй дачцэ і на адваротным баку напісаў: “Жадаю ўсяго найлепшага! Спаўнення жаданняў! Каб кахалі хлопцы, і былі ў цябе закаханыя”.

 

Мне будзе не хапаць нашых рэдкіх сустрэч.