Распачатая каларыстыка алтара Фарнага касцёла ў Гродна
На сёння падрыхтавана некалькі колеравых рашэнняў, аднак яшчэ трэба будзе выканаць маштабныя эскізы алтара ў колеры, пасля чаго будзе зроблены выбар.
Па словах галоўнага рэстаўратара Каралеўскага Варшаўскага замка Паўла Садлея, які кіруе працай, без сумнення, алтар мусіць выглядаць пасля рэканструкцыі мармуровым. Такім яго хацеў бачыць фундатар – мсціслаўскі кашталян Самуіл Лазовы. Мастакі ўстрымаюцца ад гульні фарбаў, але разам з тым алтар не павінен выглядаць “мёртвым”. Фігуры апосталаў і мецэнатаў касцёла плануецца зрабіць некалькі больш светлымі за асноўны колер.
Зараз скончаны два этапы рэстаўрацыі, якія прадугледжвалі даследаванне алтара і аднаўленне згарэлай часткі, а таксама падрыхтоўку алтара да афарбоўкі. Згарэлая частка на сёння ўзноўленая поўнасцю, за выключэннем трох фігур. Як паведаміў пробашч касцёла ксёндз Ян Кучынскі, воранаўскі майстар Казімір Місюра сканчае працу над фігурай апостала Якава, яе ўсталююць на алтар ўжо ў жніўні. Майстры яшчэ павінны вырабіць фігуры апосталаў Фамы і святога Амброзія.
У цэлым рэстаўрацыю алтара плануецца скончыць да снежня гэтага года.
Па словах Паўла Садлея, пасля рэстаўрацыі алтара плануецца працягнуць працы па стварэнні адзінай мастацкай канцэпцыі ўнутранага ўбрання кафедральнага касцёла.
Паводле s13.ru
На здымку: выгляд алтара да пажара 2006 г. Здымак паводле grodnensis.by