Унікальны зборнік афарызмаў па гісторыі прэзентаваў гарадзенскі фатограф і гісторык

|

Укладальнік кнігі афарызмаў Сяргей Марозаў – вядомая асоба ў горадзе: ён і фатограф, і гісторык, і байкер. Сваю працу малады выкладчык выдаў на ўласныя сродкі.

 

На пачатку прэзентацыі слова ўзяў намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму па навучальнай працы Мікалай Мыслівец:


Сяргей Марозаў – цікавы і бясспрэчна таленавіты даследчык, асоба якога валодае шырокім даляглядам. Ён прыйшоў на наш факультэт як выкладчык на кафедру журналістыкі. Але з яго прыходам у нас узнікла магчымасць набыць яшчэ большую папулярнасць у знешнім асяродку. Яго выданне, якое мае грыф навукова-папулярнае, адрасавана не толькі прафесійнаму чытачу, але і больш шырокаму колу. Вы павінны імкнуцца да высокай планкі, паднятай аўтарам гэтай кнігі. Вельмі сур’ёзная праца была зробленая ім.

 

Прэзентаваная кніга складаецца з 23 глаў і 280 падзелаў. У ёй сабрана і сістэматызавана каля 3000 афарызмаў, максім і выслоўяў пра гісторыю і прафесію гісторыка. Выказванні каля 1000 аўтараў – прадстаўнікоў розных краін і народаў – укладзеныя ў адным зборніку. Яны выяўляюць гістарычны вопыт чалавецтва і мудрасць многіх пакаленняў.

 

Мне хацелася б, каб гэта было не толькі папулярнае выданне, хацелася б, каб мудрасць не прадстаўлялася элементам для забаўкі. Мінімум гуку, максімум думкі – гэта адно з азначэнняў афарызмаў. Яны не могуць паказваць розныя пункты погляду. Таму ў мяне была задача – зрабіць пераклічку паміж афарызмамі. Прыведзеныя крылатыя фразы нават упрыгожаць гутарку любога сучаснага адукаванага чалавека. Дастаткова шырокая крыніцазнаўчая база гэтай кнігі. Я перапрацоўваў і перакладаў на рускую мову розныя выказванні. Гісторыя адлюстравана ў прадстаўленай калекцыі цытат ва ўсёй разнастайнасці яе сэнсаў і значэнняў. Дарэчы, я ўспрымаю сваю кнігу як матэрыялізаваны вынік хобі, – так аўтар выказаўся пра сваю працу.

 

 

Сяргей лічыць сваю кнігу ўнікальнай:

 

І гэта не таму, што я так ганаруся. Унікальная яна, я лічу, не толькі па змесце, але і па колькасці выпушчаных экзэмпляраў. Бо іх толькі 100. Да таго ж падобных выданняў, з перакладзенымі на рускую мову афарызмамі, не існуе на постсавецкай прасторы ўвогуле.


Выступленне было дапоўнена аўтарскай мультымедыйнай прэзентацыяй.

 

 

Таксама Сяргей Марозаў адказаў на пытанні прысутных:

 

Хто выступіў вашым галоўным крытыкам?


Галоўным маім крытыкам была мая мама – Святлана Валянцінаўна Марозава, якая таксама прысутнічае тут. Яна была адначасова і маім цэнзарам, і маім памагатым.

 

 

А вы гатовыя дзяліцца з іншымі ўжо нейкімі сваімі афарызмамі?


Я не лічу сябе ўжо такім мудрым і вопытным (усміхаецца). Не зусім я яшчэ годны для таго, каб быць прадстаўленым на адным узроўні з гэтымі вялікімі людзьмі. 

 

Вы – фатограф. Ці было жаданне дапоўніць гэтую кнігу якімі-небудзь сваімі фотаздымкамі ў якасці ілюстрацый?


Кожнае фота – гэта ўжо своеасаблівая гісторыя. Але ж здымкі ў такой кнізе павінны быць зразумелымі без каментарыяў не толькі для мяне, але і для гледача і чытача. А як выбраць фота ў сувязі з такой тэмай – час, гісторыя… Гэта можа быць толькі нейкая абстракцыя.


Ці можна набыць вашае выданне ў кнігарні? 

 

Тыраж майго зборніка зусім невялікі – ўсяго 100 экзэмпляраў. Выдаваліся яны за свой кошт. Хтосьці яшчэ стане ўладальнікам кніг, якія засталіся – каля 20. Але ў гарадзенскіх кнігарнях вы пакуль што іх не знойдзеце. Выданне можна будзе купіць ў краме “Акадэмкніга” ў Мінску, таксама спадзяюся, што мая кніга з’явіцца ў гарадзенскай “Раніцы”.


Здымкі Яна Лялевіча