Яшчэ аднаго гарадзенскага журналіста папярэдзілі за працу на замежны СМІ
17 снежня журналіста выклікаў намеснік пракурора па Гродзенскай вобласці.
Паводле звестак пракуратуры, Мялешка 27 кастрычніка 2013 года браў інтэрв’ю і рабіў фотаздымкі падчас урачыстасцяў у гонар братоў Каліноўскіх, якія праходзілі ў Свіслачы. Пазьней рэпартаж з мерапрыемства з’явіўся на сайце Радыё Рацыя за подпісам Ігара Мікалаева.
Андрэй Мялешка:
“Мне прадставілі фотаздымкі, зробленыя, напэўна, аператыўнікамі, дзе я трымаю ў руках дыктафон з надпісам “Радыё Рацыя”.
Гэта расцэньваецца як супрацоўніцтва з замежным неакрэдытаваным СМІ.
У папярэджанні напісана, што я хаваюся пад псеўданімам Ігар Мікалаеў.
Я патлумачыў, што я не супрацоўнік “Радыё Рацыя”, а незалежны журналіст, які супрацоўнічае з рознымі СМІ, Ігара Мікалаева не ведаю, але папярэджанне ўсё адно далі”.
Андрэю Мялешку інкрымінуецца парушэнне арт. 22.9: “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”, а дакладней “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Журналіст збіраецца раіцца з юрыстамі і абскарджваць папярэджанне ў пракурора Гродзенскай вобласці.
3 снежня аналагічныя папярэджанні атрымалі гарадзенцы Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч. Ім таксама паказвалі фота, зробленыя на аснове аператыўнай з’ёмкі ў Свіслачы 27 кастрычніка: журналісты стаяць з камерай і мікрафонам, а подпіс аператыўніка сведчыць, што гэта – “супрацоўнікі польскага спутнікавага тэлебачання Белсат”.
У выпадку паўторнага папярэджання на працягу года, Кіркевічу, Дзянісаву і Мялешку пагражаюць штрафы ад 20 да 50 базавых велічынь.
Здымак з профілю Андрэя Мялешкі ў Facebook