“Ніводны закон у Беларусі не прымаецца без майго подпісу” – міністр юстыцыі сустрэўся са студэнтамі ГрДУ

Чыноўнік высокага рангу падрабязна расказаў, як працуе міністэрства, як праходзіць у краіне судовая рэформа, што адбудзецца пасля аб’яднання Вышэйшага гаспадарчага суда і Вярхоўнага суда. У сваім выступленні Алег Сліжэўскі запэўніў, што міністэрства юстыцыі адыгрывае вялікую ролю ў жыцці нашай краіны. “Ніводны закон у Беларусі не прымаецца без майго подпісу, без подпісу міністра юстыцыі”, – з гонарам адзначыў Алег Сліжэўскі.

 

Цяпер будзем ведаць, хто, які мінімум, не пярэчыў з’яўленню такіх неадназначныхных законаў, як увядзенне дадатковага падатку на аўтамабілістаў, або перавод дзяржаўнага жылля ў арэнднае. А вось закон аб увядзенні падатку з беспрацоўных пакуль што не прыняты. Магчыма, таму, што 140 чалавек, якія працуюць у цэнтральным апараце Міністэрства юстыцыі, так і не вызначыліся, каго ж канкрэтна лічыць беспрацоўнымі.

 

Увогуле, само міністэрства зараз перажывае пэўныя цяжкасці. З наступнага года, напрыклад, супрацоўнікі натарыяльных кантор перастаюць быць дзяржаўнамы служачымі і пераходзяць на самакіраванасць і на самаакупаемасць. І яшчэ адзін моцны ўдар нанесены па міністэрству. У хуткім часе ўжо не чыноўнікі ад юстыцыі будуць вызначаць кандыдатаў у суддзі. Гэту справу возьме на сябе Вярхоўны суд. Відавочна, што Міністэрства юстыцыі прайграла вельмі важны паядынак з больш магутнымі сіламі і цяпер губляе ў палітычнай вазе. Гэта нечым нагадвае сітуацыю з пракуратурай, у якой забралі следства. І каго цяпер пракуратура можа напалохаць?

Алег Сліжэўскі, адказваючы на пытанні, закрануў тэму працаўладкавання будучых юрыстаў. Ён паведаміў, што пры падпісанні дакументаў з адпаведнымі міністрамі Расіі і Казахстана аб стварэнні адзінай прасторы юрыдычных паслуг будзе настойваць на тым, каб Беларусь яшчэ некаторы час заставалася ў своеасаблівай юрыдычнай рэзервацыі. На думку міністра, пакуль што беларускія юрысты проста не вытрымаюць канкурэнцыі з расійскімі калегамі.

 

Алег Сліжэўскі выказаў таксама сваё меркаванне наконт палітычных партый у нашай краіне. Па яго словах, у Беларусі існуе 15 палітычных партый і за апошнія 10 гадоў не была зарэгістраваная ніводная новая. Міністр упэўнены, што так і трэба. Ён лічыць, што нават існуючыя партыі не карыстаюцца падтрымкай беларусаў.

 

Міністру юстыцыі задавалі розныя пытанні. Былі і такія, што Алегу Сліжэўскаму яўна падабаліся. Адзін са студэнтаў пацікавіўся, якія кніжкі любіць чытаць госць. Аказалася, што міністра раней прыцягвала навуковая фантастыка, а цяпер ён вабіць вольны час з гістарычнымі раманамі.

 

На першым фота – выступае рэктар Андрэй Кароль, чацвёрты злева – міністр Алег Сліжэўскі

Здымкі grsu.by