Распрадаюцца будынкі ў гістарычным цэнтры Гродна
Паведамляецца, што будынкі выстаўляюцца на аўкцыён упершыню.
Будынак па Кірава, 3 (1878 года пабудовы) стаў у гэтым годзе героем крымінальнай гісторыі – з яго балкона, што адразу насупраць вокнаў турмы, спілавалі і скралі каштоўны даўні каваны балкон. Гэты будынак патэнцыйнаму пакупніку прапануецца выкарыстоўваць пад гандлёвыя памяшканні (першы паверх) і офісы (другі паверх).
Будынак па Будзёнага, 48 (1900 год пабудовы), па суседству з польскім консульствам, прапануецца рэканструяваць пад гатэль ці офісы з гандлёвымі памяшканнямі, або кропкамі грамадскага харчавання і бытавых паслуг.
Доўгі час стаіць пустым будынак па вул. 17 верасня, 12. Гэты дом справядліва многія лічаць сімвалам усяго “Новага свету”.
У канцы снежня фонд Дзяржмаёмасці папрабуе чарговы раз знайсці пакупніка на недабудаваны аэравакзал у Абухаве. Пачатковы кошт гэтага аб’екта зменшаны ўжо на 80% – да 2,7 мільярдаў рублёў.
Поўны спіс нерухомасці, якую прапануе арэндаваць ці купіць горад, можна паглядзець тут.
З пачатку года на Гарадзеншчыне прадалі аб’ектаў камунальнай уласнасці на 16 мільярдаў беларускіх рублёў. На аукцыёны выстаўляліся будынкі, якія не выкарыстоўваліся, з умовай вяртання іх у гаспадарчы ўжытак. З 268 вызначаных будынкаў гаспадароў атрымалі 204. Кошт некаторых быў зніжаны да адно базавай велічыні.
Непатрэбныя дзяржаве будынкі найчасцей набываюць прыватныя юрыдычныя асобы, але ёсць сярод пакупнікоў ІП і асобныя грамадзяне.
Паводле grodno-region.gov.by
Здымак vgr.by