Dehydrated, Exist M і Voice of Oblivion: цяжкая серада ў Моладзевым цэнтры
Будні дзень сабраў не так шмат публікі, як чакалася. Затое прыйшлі сапраўдныя аматары: ужо на пачатку канцэрта нейкі мужчына роў: “Метал давай!”. Першымі на сцэну выйшлі Voice of Oblivion, sympho dark metal гурт з Гродна, якому і давялося разаграваць публіку. “Войсы”, як іх называюць гарадзенцы, гралі больш лірычныя песні, якія былі даспадобы змучанай працоўным днём публіцы.
Далей было весялей. Exist M – сталы гурт, які ведае, што робіць. Худзенькая рудая дзяўчынка з магутным голасам заклікала ўсіх ладзіць слэм і мош. “У цесным коле весялей!” – крычала яна. Хутка нават тыя, хто ўвесь час сядзеў ля бару, выйшлі на танцпол.
Падчас выступу Exist M “прэзентавалі” новага барабаншчыка Віталія. Хутка зал зусім разагрэўся: вакалістка Насця патрабавала энергіі ад зала, але і сама адказвала шчырай самааддачай.
Нарэшце на сцэну выйшлі тыя, дзеля каго многія і прыйшлі – томскі гурт death metal Dehydrated. Амаль што ўсе прысутныя на канцэрце скакалі, затым слэміліся. Гэта быў апошні канцэрт гурта ў Беларусі, і яны цалкам выклаліся на сцэне.
Як бачна, усе гурты аб’ядноўвала тое, што на вакале быў “слабы пол”, які, тым не менш, спяваў няслаба. У час канцэрта можна было набыць футболкі, дыскі, і, зразумела, узяць аўтограф ды сфатаграфавацца.
Наведвальнікі дзеляцца ўражаннямі:
“Нядрэнна і дастаткова весела, нягледзячы на тое, што было малавата людзей. Я выдатна памахаў патламі. Усе выступаючыя каманды – на добрым узроўні”.
“Я дагэтуль ад Exist M не магу адыйсці. Гэта было проста шыкоўна. Мы ўзялі аўтографы, купілі дыскі, у нас зараз ёсць іменныя рэчы гэтых каманд”.
“Канцэрт як канцэрт. Звычайны сярэднестатыстычны, давялося пасядзець”.