Харцэры даставілі Бэтлеемскі агонь у Гродна

Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў набажэнства і на пачатку сказаў: “Гэта вялікая радасць, і жадаю, каб агонь Божай любові і супакою загарэўся ў нашых сэрцах”.

“Выйдзі з ценю. Пакажы дабро” – дэвіз акцыі ў гэтым годзе. Гэта заклік стаць лепшым, пачаць працаваць над сабой, а таксама дзяліцца дабром не толькі ў часе святаў.

 

Пасля літургіі вернікі запальвалі свечкі і лампадкі ад свечкі з Бэтлеемскім агнём, каб занесці іх у свае дамы.

На беларуска-польскай мяжы бэтлеемскі агонь забралі харцэры з польскай школы ў Гродне, а пасля ўрачыстасці ў катэдральным касцёле каталіцкія скаўты з Мінска разам са сваім душпастырам ксяндзом Міхаілам Бубенам павезлі агонь у сталіцу. Па дарозе Бэтлеемскі агонь завітаў у Ліду, Івянец і іншыя гарады. У мінскай Архікатэдры запалілі свае лампадкі 21 снежня. З Мінска агонь трапіць у Гомель, Пінск, Магілёў, Віцебск і далей па ўсёй Беларусі. Расейскім скаўтам агонь з Бэтлеему сёлета перададуць мінскія скаўты.

 

Першы раз акцыя “Бэтлеемскі агонь супакою” была арганізавана ў 1986 годзе ў горадзе Лінц, у Аўстрыі, як частка вялікай каляднай дабрачыннай акцыі для дзяцей-інвалідаў і бедных людзей. “Святло ў цемры” – так першапачаткова называлася акцыя і была прапагандавана Аўстрыйскім Радыё і Тэлебачаннем (ORF).

 

Ужо праз год патранатамі акцыі сталі аўстрыйскія скауты. Яны бяруць агонь ад нязгасаючай лампадкі ў базіліцы Раства Хрыстова ў Бэтлееме і дастаўляюць яго на самалёце ў Аўстрыю. Былі выпадкі, калі з-за складанай сітуацыі ў краіне ніхто не мог забраць агонь у самым Бэтлееме, тады ізраільскія і палесцінскія дзеці перавозілі агонь у Тэль-Авіў, або нават у Вену.

 

З Вены агонь трапляе ў іншыя краіны амаль усёй Еўропы, а нават і за палярнае кола.

 

Здымкі grodnensis.by