Вандроўка па старым Гродне. Частка ХХІІІ. Паміж двух мастоў
Як і чаму перемясціўся з-пад францішканскага касцёла сюды гарадзенскі мост, мы дакладна не ведаем. Хутчэй за ўсё на гэта паўплывала тая акалічнасць, што каля цяперашняга басейна “Лазурны” паўстала скарбовая аўстэрыя (карчма) і важны вузел дарог. Цяпер падарожнаму трэба было даехаць найперш сюды. Мост тут паўстаў недзе ў самым канцы XVIII або пачатку XIX ст., неаднаразова перабудоўваўся. З часам каля яго на правым беразе з’явілася цэлая плошча з каменнымі дамамі – каля мосту збіралася вялікая колькасць вазоў і брычак, якія чакалі сваёй чаргі.
А вось і працэс перавозу праз Нёман. Зімою наплаўны мост існаваць не мог. Часта яго павінны былі рассоўваць і летам – Нёман быў вельмі судаходнай ракою. Таму арганізоўвася паром праз раку, вялізарны па памерах, які вы акурат бачыце. Як адбывалася пераправа ў гэтым месцы – дамо слова сведку з 1863 г.:
“Мост на Нёмане таксама бярэ імпульс ад плыні; але замест таго, каб быць прывязаным да лодак, ягоны рух ад аднаго берага да другога кантралюецца моцным тросам, які праходзіць праз ролікі, праз два вертыкальныя слупы, усталяваныя на абодвух баках маста, і мацуецца да лябёдак на абодвух берагах ракі.
Нёман у гэтых мясцінах не складае і паловы Рэйну, іначай не атрымалася б прымусіць мост рухацца туды і назад у такі спосаб. Платформа, якая з’яўляецца падлогай маста, укладзена на дзве моцныя баржы, як тыя на Рэйне, дастаткова вялікія, каб перавесці за адзін раз павозкі, коней і пешых пасажыраў.
Гэтым разам было не меней за сотню пасажыраў і чатырнаццаць ці пятнаццаць павозак і экіпажаў у дадатак да нашага. Гэты стракаты натоўп, вядома, плотна сціснуты, уяўляў відовішча бездапаможнай збянтэжанасці”.
Даволі рэдкія выявы адной з гарадзенскіх прыстаней, а іх, таварных і пасажырскіх, было ў Гродне не менш дзясятка. Уважлівы чытач мабыць звярнуў увагу, што тэкст на першай паштоўцы перавернуты. Проста друкар зрабіў досыць рэдкую памылку – надрукаваўшы фотаздымак у люстраным адбітку. І калі б не дапамога фоташопа, то вы доўга ламалі б гавалаву над тым, каб пазнаць гэтае месца.
Справа арганізацыі прыстані вырашалася проста – будаваўся драўляны памост, або можна было падагнаць дэбаркадэр (на другім здымку). І вось вам гатовыя і кантора прыстані і памяшканне для пасажыраў, якія чакаюць парахода.
На гэтай выяве звярніце ўвагу на забудову злева, якая размяшчаецца перад броварам. Цяпер там усё перабудавана і закрыта быкамі Старога маста, а тады быў арыгінальны рэльеф. Менавіта тут размяшчался царква Святога Крыжа і яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя знаходзілі косці вялікіх мясцовых могілак.
Паром – гэта, зразумела, штурханіна і цесната. Каб прачуць яго атмасферу, дамо слова таму ж сведку 150-гадовага мінулага:
“…мужчыны, жанчыны і дзеці, вайскоўцы і сяляне, піхаліся і сварыліся, лаяліся, крычэлі – кожны намагаючыся зайсці першым. Двое з натоўпа прыцягнулі маю асаблівую увагу, сялянскі хлопчык і габрэйка год пяцідзясяці, кожны вёў каня і чатырохколавы гандлёвы воз да маста. Спачатку жанчына была наперадзе, але хлопчык, пакуль тая спрачалася з кіраўніком маста, здолеў абысці яе. Габрэйка, як толькі зразумела гэта, жорстка збіла ягонага каня па галаве, а пасля звярнулася да хлопчыка з такім жа шаленствам, драпаючы ягоны твар і біючы яго. Хлопчык не доўга чакаў, каб адплаціць ёй той жа манетай, і адбылася шэраговая бойка, якая, відавочна, цешыла прысутных…
Так званае кіраванне мастом, як насамрэч і любое іншае кіраванне ў гэтай краіне, знаходзіцца ў руках габрэяў. Але калі б падтрыманне парадку было часткай кантракту, то сёння на гэта ніхто не звяртаў ўвагі”.
Людзі чакаюць паром. Недалёка плот з буданом плытагона, а па ўзвышшы на супрацьлеглым беразе цягнецца цэлае павуцінне тропак, што сыходзяць да Нёмана. Так што асабліва смеламу можна было падняцца проста да сінагогі. Што за белая канструкцыя з дахам на беразе Нёмана – мы пакуль не ведаем.
Ужо тады горад меў уласную выратавальную станцыю. Гэтае месца вельмі добра апісвае ў сваіх успамінах Зоська Верас, бо непадалёк можна было і непагадзь перачакаць і гарбаты выпіць крыху.
Азірнемся на Гродна. Драўляны гарадзенскі Падол згарэў летам 1941 г. Каралеўскія стайні каля бернардзінскага касцёла зруйнавалі толькі ў 2006 годзе. Тады ж знеслі адзін з былых магнацкіх палацаў (справа), якія густа перамяжаліся раней з драўлянымі дамкамі гарадзенскіх рыбакоў. Проста ад старой пераправы за паваротам казармаў адкрываўся выгляд на кармеліцкі кляштар.
Гэтая паштоўка важная адразу па-некалькіх прычынах. Па-першае, можна дакладна яе датаваць – 1902 г. Магчыма, гарадзенскія паштоўкі з’явіліся ў 1900 або 1901 г., але не раней. Па-другое зроблена яна па матывах здымка, які паўстаў яшчэ да 1892 года. Бачыцце, з-за бернардзінскага касцёла выглядае вежа няспаленай пажарам Фары Вітаўта. Можна добра разгледзець кармеліцкі касцёл, які да таго моманту ўжо больш як паўстагоддзя не быў храмам. Горад ужо і тады мяняўся вельмі хутка, але старыя фотаздымкі даюць добрую магчымасць адсачыць гэтыя змены.
Здымкі Яна Лялевіча