Апытанне “Твайго стылю”: гарадзенская моладзь пра падзеі ва Украіне

|

align=”left” alt=”Image 38092″ >Сяргей, студэнт

На чыста эмацыйным узроўні магу выказаць сваё стаўленне да падзеяў ва Украіне наступнымі словамі: захапленне, павага, суперажыванне і… зайздрасць. Неверагодная згуртаванасць і салідарнасць, высокі ўзровень самаарганізацыі, смеласць, адвага – усё гэта “еўрамайданаўцы” прадэманстравалі ўсяму свету. Нашыя суседзі праявілі якасці, якія пакуль могуць быць для нас толькі арыенцірам і прыкладам для пераймання. Сотні тысяч простых украінцаў выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да дзеючай улады. Акрамя гэтага, украінцы паказалі сябе сталай нацыяй, якая ганарыцца сваёй гісторыяй, культурай і, самае галоўнае, гатовая адстойваць незалежнасць.

 

Падзеі ва Украіне – перш за ўсё спроба адарвацца ад агрэсіўнага і ваяўнічага суседа, сучаснай зброяй якога стала палітыка эканамічнага маніпулявання праз памеры зніжак на газ, гандлёвыя і мытныя вайны. Планы Крамля па ўтрыманні Украіны ў зоне свайго ўплыву выдае і агрэсіўная масіраваная прапаганда ў расійскіх СМІ, якая па ступені хлусні і падтасоўвання інфармацыі часам пераходзіць усе рамкі прыстойнасці.

 

Прапановы ЕЗ – перш за ўсё ўсталяванне новых правіл гульні, не “па паняццях”, а на аснове законаў, прававых інстытутаў, прывядзенне норм да еўрапейскіх стандартаў, павага да правоў і свабод грамадзян. Гэта доўгі шлях структурных змен у эканоміцы, выкаранення карупцыі, і толькі потым – прыход на падрыхтаваную глебу новых тэхналогій ды інвестараў. Такі доўгі шлях магчымы толькі пры праеўрапейскай уладзе.

 

Украінцы, падобна, гатовыя да такога цывілізацыйнага выбара, а цяперашняя ўлада – не. Замест еўрапейскай вуды Януковіч і Азараў выбралі крамлёўскую рыбу. З вялікім і чэпкім кручком.

 

Анастасія, студэнтка

Да падзей стаўлюся негатыўна, хоць разумею, чаму асацыяцыя Украіны з ЕС прыпынена. Што іх чакае ў будучыні? Пакуль нічога сказаць не магу. ЕС гэта магутны саюз, які такія краіны як Беларусь ці Украіна хутка подамне пад сябе. Што тычыцца нашай краіны, для нас варта фармаваць адносіны з асобнымі краінамі, а не адразу з цэлым саюзам. Калі выбіраць з двух саюзаў, пакуль што я б выбрала Расію.

 

Мікалай, студэнт 

Сітуацыя абвастраецца. Курс грыўны падае, насельніцтва ў масавым парадку забірае ўклады з банкаў. Блізкі фінансавы калапс, а разам з ім і эканамічны заняпад. У гэтай сітуацыі ўкраінцам было б добра зразумець, што нікому, акрамя Расіi, Украіна не патрэбная. Калі ж Украіна пойдзе ў Еўропу, то для Пуціна гэта будзе вялікі правал.

 

Фама, студэнт

Я стаўлюся да падзеяў на Украіне пазітыўна, украінскі народ паказаў Крамлю і пракрамлёўскай уладзе, на што ён здольны. Можна доўга спрачацца ці патрэбныя яны ў Еўропе, але той факт, што нацыя аб’ядналася дзеля свайго дабрабыту – відавочны. Расія так проста не аддасць Украіну, будзе ўспамінаць аб “сваяцтве” альбо ціснуць эканамічна.

 

Украіне варта спрабаваць наладжваць інтэграцыйныя працэсы з ЕС, бо ў Мытным саюзе ім нічога не свеціць, як не свеціць і беларусам. Расія – сусветнае балота, схаванае пад маскай дабрадзейнасці і духоўнасці, якое топіць сваіх суседзяў. СМІ любяць паўтараць, што Захад “загнівае” і раскладаецца маральна, але акурат Расія займае першае месца па колькасці абортаў і суіцыдаў.

 

Прыкладам Украіны варта скарыстацца і беларусам, хоць пра гэта можна толькі марыць. Людзі выхаваныя ў духу “саўка” і каштоўнасцей тыпу дачы ці машыны. “Чарка і шкварка” – вось наш дэвіз!

 

Раман, студэнт

Да падзей на Майдане стаўлюся добра. Украіна павінна быць з Еўропай, хоць там і не ўсё ідэальна. Украінцы вартыя лепшага жыцця. Расійскія СМІ негатыўна апісваюць падзеі на Украіне, пішуць і паказваюць, што гэта адмарозкі на грошы Захаду ладзяць правакацыі. Але мы ўсё гэта ўжо праходзілі ў Беларусі.

 

Яўген, беспрацоўны

Мяне крыху радуе, што ўкраінская нацыя аб’ядналася ў гэты востры перыяд, я ж сам родам з Украіны. Але справа ў тым, што ўкраінцы лічаць, што калі яны ўступяць у Еўропу, то іх справы пойдуць угару, што з’явяцца новыя працоўныя месцы, што жыць у цэлым стане лепш. Маё меркаванне дваякае. З аднаго боку гэта трызненне, бо Украіна хутка апынецца ў даўгах, не будзе ніякай падтрымкі з расiйскага боку. Украіна стане другой Грэцыяй. Але ёсць і светлы бок: у моладзі з’явяцца магчымасці пераезду і легальнай працы па-за Украінай. Яны змогуць жыць і зарабляць у іншых краінах. Але ў цэлым для Украіны гэта негатыўна адаб’ецца.

 

Важна адзначыць, што Украіна – адна з самых бедных краін Еўропы. Беларусь не лепш: пакупніцкая здольнасць у беларусаў адна з самых нізкіх у Еўропе. Зараз у нас сітуацыя яшчэ горш чым ва Украіне, Расіі і іншых краінах СНД: многім беларусам прыходзіцца адмаўляць сабе ва ўсім.

 

Павел, мантажнік, 20 год

Да падзеяў ва Украіне стаўлюся з дваякім пачуццём: з аднаго боку людзі аб’ядналіся для адзінай мэты, з другога боку – дзеля чаго, дзеля каго?

 

Усе ведаюць пра “вясёлую” ўкраінскую Раду, пра дэпутатаў. Але іх такая абсалютная большасць і кардынальная змена улады наўрадці атрымаецца. Няма такой колькасці якасных і дасведчаных людзей у апараце ўлады. Неадназначны і той факт, што пэўная частка людзй, гэтага нельга адмаўляць, выходзіць на “Майдан” за грошы.

 

Разбіраючыся ў сітуацыі з асацыяцыяй з ЕС, бачыш цікавыя моманты: поўная “перабудова” большасці прадпрыемстваў да ўзроўню Еўрасаюза, прыняццё часткі законаў ЕС і мноства іншых нюансаў. Як пры такой слабой эканоміцы мадэрнізаваць не нейкую сферу прамысловасці, а цэлую краіну? Бо Украіна амаль па ўсіх фактарах саступае большасці краін ЕС (не будзем казаць пра бедных чальцоў ЕС). Адзіны выхад – крэдыт. Але вяртаць прыйдзецца яшчэ больш. Хто ж ім дасць крэдыт без працэнтаў?

 

Ёсць яшчэ Расія. Пуціну і Мядзведзеву такі разварот Украіны на 180 градусаў не спадабаецца – варта чакаць жорсткіх умоў з пастаўкамі ўсяго неабходнага з Расіі, то бок удару па эканоміцы Украіны. Еўропа няздольная даць газ і нафту Украіне так, як гэта можа зрабіць Расiя. Жыхары, у прынцыпе, сваім “бунтам” яшчэ больш падарвуць эканоміку Украіны.

 

Ці патрэбна Украіна ЕС? ЕС можа “высмактаць” апошнія сокі з нашых суседзяў, а ў выніку Украіна паўторыць гісторыю Грэцыі.

 

Я лічу, што адзіны выхад – экстрана зрабіць сход дэпутатаў з роўнай колькасцю ад кожнай партыі. Правесці дыспуты і ў выніку прагаласаваць за некалькі адэкватых прапанаваных варыянтаў. І прыняць рашэнне большасцю.

 

Міхаіл, студэнт, 20 гадоў

Часткова адабраю гэтыя акцыі, за выключэннем фізічных сутычак з праваахоўнымі органамі. Выхад людзей на плошчу – гэта выраз іх незадаволенасці дзеяннямі ўрада. У Еўропе любую незадаволенасць выяўляюць з дапамогай забастовак. Колькасць удзельнікаў Еўрамайдану сведчыць аб адзінагалосным жаданні людзей рухацца ў бок ЕС, шкада што ўрад ігнаруе ўсё гэта.

 

Мікалай, студэнт, 20 гадоў

Ва Украіне адбываецца змаганьне паміж Захадам і Усходам: краіна вырашае якім шляхам ісці далей. Украінцы хочуць у ЕС – ужо адназначна можна сказаць, што такім шляхам як Беларусь яны не пойдуць, бо ёсць грунт. Менавіта ў гэты момант павінна быць падтрымка з Захаду, бо Расея зрабіла зніжкі на газ. Зараз – дзеянні Захаду.