Апытанне “Твайго стылю”: Як гарадзенцы ставяцца да новага транспартнага падатку

Сяргей, слесар

Гэта ўсё трызненне, стан дарог гэты падатак не палепшыць. Грошы пойдуць не толькі на дарогі, але і на іншыя мэты – не раз ужо казалі. Проста чарговае спагнанне з народа, для паляпшэння бюджэту. Трэба АЭС будаваць, крэдыты плаціць і многае іншае.

 

Маё аўто падпадае пад катэгорыю больш за 1 тону – да 2 тон. Я павінен буду заплаціць пры тэхаглядзе штогод 650 000 рублёў . Быццам і не такая ўжо вялікая сума, але ўсё ж – мне яшчэ кватэру будаваць у будучыні. Разлічваю на “трошку”, калі дадуць.

 

Але нікуды ад гэтага не падзецца – ніхто так проста грошай не дасць, а краіна ў такіх умовах, што зарабіць іх нерэальна. У нас няма ні газу, ні нафты, прамысловасць развіта слаба, адзінае на чым выязджаем, дык гэта на сельскай гаспадарцы. Але яна мала рэнтабельная.

 

Аляксандр, менеджар па продажах

Вядома, стаўлюся негатыўна. У кошце паліва ў нас закладзена акцыза, выручка ад якой нібыта накіравана на паляпшэнне дарожнай сітуацыі. Такім чынам спрабавалі абгрунтаваць рост коштаў на паліва ў мінулым годзе. Дарогі лепш не сталі, цэны на паліва нязменна растуць.

 

Аляксей, журналіст

Увядзенне транспартнага падатку – неабходная дзяржаўная мера. Атрыманыя сродкі не будуць лішнімі пры фармаванні бюджэту дарожных службаў.

 

Іван, спартсмен

На дадзены момант дзеянне падатку на сабе не адчуваю, бо няма асабістага аўтамабіля. Ці здольны новы падатак палепшыць стан дарог? Не ўпэўнены.

 

Аляксандр, кіроўца

Стаўлюся негатыўна, бо гэта яшчэ адзін спосаб адабраць у народа грошы. 20%, а то і менш ад гэтага падатку будзе ісці на фінансаванне дарог.

 

Аляксандра, менеджар

Я супраць увядзення транспартнага падатку. Па-першае, калі на чалавека зарэгістравана некалькі аўтамабіляў, то і плаціць ён будзе за некалькі, хоць будзе ездзіць фактычна на адным, што ўжо ставіць у няроўныя ўмовы грамадзян. Па-другое, наяўнасць гэтага збору ў складзе акцызаў на паліва працавала б больш эфектыўна. Па-трэцяе, для таго, каб рэальна змяніць сітуацыю на дарогах, трэба мяняць сістэму рамонту і абслугоўвання дарог. Да прыкладу, траса Гродна-Мінск рэканструюецца ўжо вельмі доўга, гэта выклікана перабоямі з фінансаваннем і сістэмай пагадзіннай аплаты, дзе рабочым усё роўна, колькі яны зробяць – бо зарплату ўсё роўна атрымаюць за адпрацованыя гадзіны.

 

Антон, электрык

Вельмі дрэнна, што дзяржаве прыходзіцца ўводзіць падобныя рэчы, каб хоць неяк папоўніць бюджэт. Вядома, гэта выклікае незадаволенасць сярод уладальнікаў транспартных сродкаў. Будзе эфектыўная гэтая задума ці не, пабачым праз нейкі час. Што тычыцца паляпшэння дарог: па-мойму, атрыманыя сродкі будуць накіраваныя ў іншыя артыкулы дзяржбюджэту.

 

Алег, электрык

Пакуль вельмі здзіўлены новай пошлінай. Няма слоў! А ў плане паляпшэння моцна сумняваюся, бо лічу нашыя дарогі і так досыць якаснымі. Асабліва гэта тычыцца Гродна. Дзякуючы былому мэру горада, прэтэнзій да дарог не ўзнікае. Адсюль і выснова: не бачу сэнсу ў транспартным падатку, толькі калі павялічыць дзяржказну.

 

Сяргей, студэнт

Да ўвядзення транспартнага падатку я стаўлюся дваяка: у мяне і маіх бацькоў няма аўтамабіля. З аднаго боку, гэта дапаможа павялічыць бюджэт. Многія нашы людзі супраць, таму што ў нас увялі ўжо шмат чаго, каб збіраць грошы. Але ў многіх краінах Еўропы падобны падатак ёсць, нават у Маскве ёсць. Але ніхто не скардзіцца, як у нас.

 

Проста ў нас, мабыць, з’явілася нейкае сляпое адмаўленне і непрыняцце таго, што прапаноўвае дзяржава. Калі камусьці не падабаецца гэты від падатку, дык прапануйце іншы спосаб падняць краіну хоць неяк.

 

Дрэнна тое, што грошы могуць пайсці не на дарогі, а, напрыклад, на чарговы лядовы палац ці іншы новы сімвал беларускай нацыі і гонару.

 

Яраслаў, маркетолаг

Іх, па сутнасці, няма куды паляпшаць! Міжнародныя аўтамагістралі супер па якасці і стандартах, інфраструктура на вышыні! Толькі светлафораў столькі, што з-за іх заторы ўтвараюцца. Пошліна, калі праз тры бюракратычныя ведамствы дойдзе да банка, магчыма, дазволіць трохі знізіць цану паліва і мытных паслугi.

 

Дзейнасць, звязаная з перавозкамі і транспартам, вельмі прыбытковая, увядзенне падобнага падатку чыталася даўно. Дзякуй парламенту, які, “усяго толькі” праз 20 гадоў існавання чаўночнага бізнесу ва ўсіх напрамках, “дадумаўся” да гэтага.

 

Яўген, велааматар

Мне абыякавы такі падатак, бо я карыстаюся роварам. Але калі наша дзяржава ўводзіць такі падатак, то няхай хаця б нармальныя веладарожкі зрабiць.

 

Канстанцін, дзяржслужачы

Стаўлюся да гэтага падатку нейтральна. Свайго транспарту ў мяне няма, таму наўпрост мяне гэта не датычыцца. Ускосна – так, бо грамадскім транспартам я карыстаюся і гэты падатак, як паказвае практыка, паўплывае на цану.

 

Калі грошы пойдуць менавіта на паляпшэнне транспартнай інфраструктуры, то я за. У гэтым няма нічога дрэннага. Бо гэта падтрыманне дарог у належным стане, якасная праца транспарту і многае іншае. Але ёсць адно “але”: я думаю, гэтыя грошы будуць выкарыстоўвацца не па прызначэнні. На што яны будуць выкарыстоўвацца і навошта, я гаварыць не буду, гэта зусім іншая гісторыя.

 

Уладзімір, спартыўны аглядальнік

Адмоўна стаўлюся. Дарогі ў Гродне мяне задавальняюць, не думаю, што з увядзеннем гэтага падатку яны кардынальна палепшацца. Тым больш, ужо вядома, што толькі 1/5 пойдзе рэальна на дарогі. Чарговы нязграбны спосаб папоўніць казну.

 

Міхаіл, велааматар

У цэлым падатак патрэбен, але ён павінен быць або ўнесены ў цану паліва, або ў такім выглядзе, як яго ўвялі зараз. Крыўдна плаціць двойчы. Але, можа, мне нешта не зразумела , бо я велааматар.

 

Ігар, гісторык

Беларусы любяць галасіць пра тое, як ім цяжка жывецца. Але паглядзіце навокал: амаль у кожнай сям’і па адной, а то і па дзве машыны.  Значыць кожны мае свайго “жалезнага каня”. Мы часта хвалім нямецкія аўтабаны і еўрапейскія дарогі. Але пры гэтым не задумваемся, што ўсё гэта каштуе вельмі дорага. За якасць дарог трэба плаціць і, думаю, што новы падатак паўплывае на паляпшэнне якасці беларускіх дарог.

 

Андрэй, студэнт

Паляпшэнне стану дарог – гучыць прывабна, але ўявіць сабе складана. Транспартны падатак выклікае толькі абурэнне. Пакуль за паветра не патрабуюць плаціць, але і гэта, думаю, часова.

 

Я захацеў купіць сабе машыну. Працаваў год, назапасіў, і зараз мушу заплаціць у казну: растаможка (нават купляючы машыну тут, я купляю яе па накручаным кошце), еду яе рэгістраваць у ДАІ – зноў плачу, трэба застрахаваць – заплаці (а паслуга прымусовая), тэхагляд – плаці грошы.

 

А цяпер новаўвядзенне – проста так заплаці грошы. Каб палепшыць дарогі? Цікава, на што я ў такім выпадку плачу падаходны падатак кожны год?

 

Змiцер, менеджар

Я аўтамабіліст з 15 гадовым стажам, зацікаўлены ў добрых дарогах. Жыццё дыктуе нам, што машына з’яўляецца неад’емнай часткай сучаснага жыцця, як мабільны тэлефон або інтэрнэт.

 

Але плаціць неабходна за карыстанне, а не за права. Таму лагічна было аплачваць дарожны збор, які ўваходзіць у кошт паліва: шмат ездзіш, значыць і плаці больш.

 

Справа нават не ў тым, што плаціць трэба шмат. Проста незразумела за што – на душы пачуццё, што зноў ты ніхто. Твой дэпутат атрымаў задачу сабраць грошы, і замест таго каб свой кашалёк патрэсці, залез у нашу кішэню. Да таго часу, пакуль у нас дэпутатаў будуць прызначаць, а не выбіраць, у нас толькі адна дарога будзе ў добрым стане – з Драздоў у Адміністрацыю прэзідэнта.