Ужо амаль тыдзень мяжу ў “Брузгах-Кузніцы” можна перайсці пешшу

Прэс-сакратар Падляшскага Аддзялення Памежнай Службы Польшчы Ганна Вуйцік сказала gazeta.pl, што першапачаткова памежнікі мелі сумневы, ці будзе новы спосаб перасекчы мяжу карыстацца папулярнасцю, бо з Беларускага боку трэба яшчэ ўлічыць дарогу да Гродна, якую не прайсці пешкі. Аднак ужо раніцай 1 студзеня з’явіліся першыя ахвотныя.

 

Хаця агулам, як кажуць польскія памежнікі, з 25 снежня да 7 студзеня рух на мяжы традыцыйна змяншаецца. Часовы ўсплеск здараецца толькі паміж каталіцкім Раством і Новым Годам.

 

На прыстасаванне пункта пропуску ў Кузніцы да патрабаванняў, якія мае ЕС адносна пешага руху, прыйшлося выдаткаваць 900 тысяч злотых. Іх падляшскі ваявода атрымаў ад Міністэрства Унутраных Спраў Польшчы. За гэтыя грошы цягам некалькі месяцаў (з канца лета) паставілі новыя агароджы, выправілі працу сістэмы маніторынгу і іншае.

 

Іншы пункт пропуску, які знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці – Бераставіца-Баброўнікі – так хутка пешага руху не атрымае. Там трэба збудаваць яшчэ адзін мост.

 

Агулам, па інфармацыі польскіх памежнікаў, у 2013 годзе мяжу паміж Польшчай і Беларуссю штодня пераходзіла ў сярэднім 12,5 тысяч чалавек. На Раство і Новы год мяжу пераходзіць у шэсць разоў менш чалавек.