Dzieciuki прэзентавалі ў інтэрнэце “Песню пра гарадзенскага гастарбайтара”
Мажорны панкавы трэк распавядае гісторыю гарадзенца, які ў пошукаць шчасця і лепшага матэрыяльнага становішча едзе за мяжу, але пасля доўгіх вандровак вяртаецца дадому.
Песня прысвечана рэальнай тэндэнцыі, якая назіраецца ў Беларусі, але не “заснавана на рэальных падзеях”. Аўтар Алесь Дзянісаў у каментары для Tuzin.fm кажа, што хоць трэк атрымаўся аптымістычным, сітуацыю вясёлай не назавеш: “У мяне ўсё больш і больш сяброў і знаёмых з’язджае за мяжу ці працаваць на працяглы тэрмін ці наогул на сталае месца жыхарства. З кожным чалавекам з’язджае частка мяне самога. Я нават падумаў неяк: а можа так станецца, што праз гадоў пяць-шэсць і паразмаўляць не будзе з кім?!”.
Dzieciuki – таксама ў нейкім сэнсе “музычныя гастарбайтары”, бо толькі чвэрць іх канцэртаў у 2013 прайшла ў Беларусі, а рэшта – за мяжой.
Альбом “Гарадзенскі гармідар” гурта Dzieciuki цалкам будзе прэзентаваны таксама на партале Tuzin.fm.