“Dark Jazz” без саксафонаў: адкрылася выстава фотаімправізацый Яўгена Кандратовіча
Прэзентаваныя здымкі адлюстроўваюць тое, як фатограф бачыць начное жыццё горада. Кандратовіч цешыўся, што на вернісажы з’явілася шмат ягоных сяброў ды знаемых, бо дзякуючы выставе “яны ўбачылі, чым я займаюся”. “Ходзіць недзе з васьмі вечара да пяці ранку”, – пажартаваў хтосьці. Дарэчы, менавіта ў пазначаны наведнікам выставы час і зробленыя прэзентаваныя фатаграфіі. “Хтосьці з наведвальнікаў ужо нават пазнаў сябе на фота”, – адказаў з усмешкай на рэпліку фатограф.
Звяртаючыся да наведвальнікаў выставы, Яўген Кандратовіч распавёў пра сэнс яе назвы.
“Чаму “Dark Jazz”, калі вы тут не бачыце аніводнага саксафона? Джаз з’явіўся як імправізацыя. І прэзентаваныя фота – таксама імправізацыя. Я збіраў іх з 2010 года. Нейкія канцэрты, цёмныя вуліцы, выпадковыя моманты. Ну, і… калі я пачаў гэтым займацца, мяне натхняў менавіта джаз”, – патлумачыў Яўген.
Падчас адкрыцця выставы Яўген атрымаў дыплом ад намесніка старшыні фотаклуба “Гродна” Людмілы Войда. У сваю чаргу Яўген Кандратовіч падзякаваў як кіраўніцтву фотаклуба, так і ўладальніцы антыкавярні Кацярыне Забелінай, за мажлівасць прэзентаваць свае працы.
Пасля ўрачыстай часткі антыкавярня хутка напоўнілася пахам кавы і гарбаты. Наведвальнікі мелі магчымасць пад музыку паглядзець слайд-шоў са здымкаў Яўгена. Пасля запрошаныя ім музыкі – Андрэй “Пітон” і Мікола Палякоў з “Дзецюкоў” ды Аляксандр Радзько з “Людзей на балоце” – пачалі граць імправізацыі. Мяккая, спакойная музыка ў спалучэнні з начнымі фота стварала адмысловую атмасферу.
Наведвальнікі выставы разбіліся на групы і актыўна абмяркоўвалі фотапрацы. Таксама можна было ўзяць на памяць паштоўкі з аўтографам Яўгена. Некаторыя з наведвальнікаў падыходзілі да фотамайстра і пыталіся пра ідэю тых ці іншых фота. Яўген ахвотна адказваў на ўсе пытанні.