Думаю, што гэта быў няшчасны выпадак…
Апошні раз я бачыўся з Гуменюком за некалькі месяцаў да яго смерці, восенню 2012 года. Паэт быў вясёлы і жыццярадасны, з добрым гумарам і самаіроніяй расказваў пра тое, як ён удзельнічаў у кіназдымках. У нашым горадзе тады акурат працавала кінагрупа. Для масавых сцэнаў патрабаваліся звычайныя людзі, вось Юры і вырашыў паўдзельнічаць у нязвыклай для сябе справе. Але нават у “масоўцы” ён выдзяляўся сваёй каларытнай постаццю.
Пры той сустрэчы Гумянюк падаўся мне поўным творчых планаў, расказаў пра сваю ідэю напісаць кнігу мемуарнага характару. Хтосьці можа запытацца, ці не зарана для 43-гадовага чалавека? У дадзеным выпадку – не, таму што Юры збіраўся напісаць пра непаўторныя дзевяностыя, у якія ён шмат чаго бачыў і шмат у чым удзельнічаў.
Яшчэ раз паўтаруся, што ў самагубства паэта я не веру. Што ж тады адбылося? Мяркую, што меў месца няшчасны выпадак. Думаю, што падзеі маглі развівацца наступным чынам.
У той студзеньскі дзень Юры не вельмі добра сябе адчуваў, здаецца, адзначаў са сваякамі нейкае сямейнае свята. Можа, каб крыху развеяцца, ён і вырашыў зайсці ў той самы інтэрнат да сваіх знаёмых. Відаць, дзесьці ў калідоры інтэрната яму зрабілася кепска, стала ванітаваць. У такім стане ў госці не зойдзеш, гэта праблема, якую трэба хутка вырашаць. Вось чаму, на мой погляд, Юры шпаркай хадой прайшоў праз адчыненую для ўсіх кухню на агульны балкон. А там, відаць, паслізнуўся (пра гэта, дарэчы, гаварылі і міліцыянты) ці страціў раўнавагу. Асабіста я праз год пасля здарэння бачу гэту трагічную сітуацыю менавіта так.
Інтэрнат, дзе загінуў Юры Гумянюк
Здымкі з архіву “Твайго стылю”