Экспазіцыя з калекцый гарадзенцаў працуе ў абласной бібліятэцы

|

На выставе “Матэрыяльная культура Гродзеншчыны мінулых стагоддзяў” дэманструюцца розныя рэчы, прадметы побыту, прылады працы мінулых гадоў, якія выраблялі і якімі карысталіся нашы продкі. Выстава носіць пераважна этнаграфічны характар. На ёй прадстаўлены прадметы матэрыяльнай культуры простага люду, які насяляў Панямонне.

 

Экспазіцыя ладзіцца з прыватных калекцый Януша Паруліса і Аляксандра Сявенкі, а выяўленыя экспанаты прэзентуюцца ў агульнапрынятай для народнага мастацтва сістэме – гэта кераміка, кавальства, дрэваапрацоўка, пляценне з прыродных матэрыялаў, ткацтва і вышыўка, іншыя прадметы побыту.

Януш Паруліс

 

Прадстаўнічым атрымаўся раздзел выставы, прысвечаны кераміцы Панямоння. Сярод разнастайных ганчарных вырабаў у беларускім народным побыце пераважаў традыцыйны гаспадарчы посуд: гаршкі, гладышы, збанкі, бабачнікі, міскі, талеркі, глякі і інш.  Амаль усе названыя рэчы маюцца на выставе.

 

Тут ёсць цікавы глазураваны збанок з ляпнымі ручкамі, выраблены архаічным кольцавым налепам. Уражвае характэрнае аблічча чорназадымленай керамікі – вельмі старажытнай, таксама амаль архаічнай. Яе разнавіднасцю з’яўляецца чорнаглянцавая кераміка, узоры якой прадстаўлены на выставе. Паходзіць яна з мястэчка Поразава Свіслацкага раёна.

 

Вялікая колькасць рэчавага матэрыялу мінулых стагоддзяў сведчыць пра развіццё асобага віду керамікі – кафлярства. Цікавыя ўзоры кафлі, знойдзеныя нашымі калекцыянерамі падчас розных земляных работ і старанна захаваныя імі, прадстаўлены на выставе.

 

Значнае месца ў экспазіцыі займае кавальства. Асартымент каваных вырабаў уражвае багаццем і разнастайнасцю. Здаўна ў гарадах і вёсках Панямоння кавалі шматлікія гаспадарчыя прылады працы, бытавыя прадметы, рыштунак конніка і каня. Кавалём вырабляліся кавальскія інструменты, земляробчыя прылады працы, інструменты для апрацоўкі дрэва.

 

Апрацоўка дрэва прадстаўлена прыладамі працы,  посудам, прадметамі хатняга ўжытку. Большасць традыцыйных драўляных вырабаў, характэрных для народнага побыту беларусаў, уражвае грунтоўнасцю, масіўнасцю, першабытнай суровасцю. Вырабляліся яны пераважна ў даўбана-разьбяной тэхніцы, якая склалася ў незапамятныя часы.

 

Значнае месца ў экспазіцыі займаюць прадметы, звязаныя з жаночай працай, перш за ўсё – з прадзеннем і ткацтвам. Гэта прасніца і калаўроты, канструктыўна вырашаныя народнымі майстрамі вельмі дасканала.

 

Аб’ёмная скульптурная разьба прадстаўлена выдатным экзэмплярам разной каплічкі неагатычнага выгляду, якая ахоўвае Распяцце.


Тыпова народным з’яўляецца мастацтва вырабу розных рэчаў з такіх даступных і танных матэрыялаў, як салома, лаза, лыка, чарот. Дадаткова нярэдка ўжываліся карані хвойных дрэў, вельмі гнуткія і трывалыя. Салома прыдатная для вырабу самых розных рэчаў як гаспадарчага, так і мастацкага прызначэння. З яе плялі розныя гаспадарчыя вырабы: ад маленькіх скрыначак да вялікіх кублоў, куды ссыпалі зерне і муку. Посуд сярэдняга памеру дэманструецца на выставе. Развіта на Гродзеншчыне і лозапляценне. Яно было цалкам накіравана на задавальненне бытавых патрэб. На выставе прадстаўлены цудоўная калыска, этажэрка і многае іншае.

 

Цікавым атрымаўся раздзел экспазіцыі, прысвечаны народнаму ткацтву. Ткацтва – адзін з самых пашыраных відаў беларускага народнага мастацтва. Традыцыі ручнога ткацтва захоўваліся на Панямонні яшчэ ў другой палове ХХ стагоддзя.

 

Асноўныя віды народных тканін, якія распаўсюджаны на Гарадзеншчыне – гэта ручнікі, абрусы, посцілкі і дываны. Народныя тканіны Панямоння маюць свае выразныя рэгіянальныя асаблівасці, характэрныя мастацкія рысы, якія вылучаюць іх сярод тканін іншых рэгіёнаў Беларусі.

 

Важнае значэнне ў народнай абраднасці жыхароў Панямоння меў тканы, ці вышываны ручнік. На выставе прысутнічаюць розныя тыпы тканых ручнікоў, упрыгожаных арнаментам і вышыўкай.

У мінулым шырока былі распаўсюджаны вельмі разнастайныя па кампазіцыі і ўзорах посцілкі, выкананыя ў тэхніцы двухбаковага перабору па чорнай ці белай аснове. Менавіта прыклад такіх посцілак, тканых “на 40 і больш жыўцоў”, маецца на выставе. Паходзяць посцілкі з в. Замасцяны Шчучынскага раёна.

 

Вяршыняй майстэрства ткачых і вышывальшчыц з’яўляецца народнае адзенне. На выставе дэманструецца жаночая сукенка, пашытая з льнянога палатна натуральнага колеру і ўпрыгожаная арнаментам.

 

Традыцыйная беларуская вышыўка прадстаўлена на ручніках і абрусах. Ёсць на выставе вышываныя карціны, большасць якіх выканана ў пасляваенны час гладдзю і крыжыкам. І хоць адносіны да гэтага віду вышыўкі неадназначныя, яна была вельмі распаўсюджана ў мінулым.

 

Іншыя прадметы побыту, прылады працы і начынне, якія экспануюцца на выставе: вага, бязмен, прасы, латунны чайнік, самавар, маслабойка і многае другое – агулам каля трохсот прадметаў.

 

Сярод іншага на выставе прадстаўлена многа фотаздымкаў з калекцыі Аляксандра Сявенкі, якія могуць расказаць шмат пра жыццё і быт жыхароў Панямоння.

Выстава працуе ў аддзеле мастацтва па адрасе: вул. Савецкая, 25 (уваход з вул. Калючынскай). Даведкі па тэл. 77-20-86.


Інфармацыя і здымкі прадстаўленыя аддзелам мастацтва Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага.