“Разрушыцеля” прэзентавалі ў афлайне
Прысутнічалі аўтар кнігі, яе рэдактар Аляксей Шота, а таксама мастацкі рэдактар – Наталля Клімовіч. Абяцаныя папяровыя выданні паглядзець не атрымалася. “Кніга ўжо пададзеная на адну з літаратурных прэмій, і маленькі папяровы наклад адыйшоў у аргкамітэт прэміі разам з заяўкай. Але, магчыма, атрымаецца надрукаваць яшчэ копій 20”. У любым выпадку, наклад будзе вельмі абмежаваны.
Мастачка Наталля Клімовіч (на фота) адзначыла, што твор чытаўся адначасова і лёгка, і цяжка. “Стыль аўтара мне імпануе, таму ўсе зразумела. А цяжка таму, што тэма вельмі балючая для многіх. Так саўпала, што я рабіла выставу, прысвечаную тэме разбурэння горада, і некаторыя работы з экспазіцыі ўвайшлі ў ілюстрацыі да кнігі”, – патлумачыла мастачка.
Як звычайна бывае на прэзентацыях, аўтар прачытаў фрагмент кнігі – той, які прысвечаны глабалізацыі, калі ўсе гарады становяцца падобнымі. Потым – расказаў пра ідэі, закладзеныя ў кнізе.
Пра ідэі, якія паспрабаваў выказаць праз кнігу Сцяпан Стурэйка, чытайце ў інтэрв’ю тут. | ||
Аказалася, што з усёй кнігі непасрэдна ў Гродне напісаны толькі адзін фрагмент – апошняя глава. Рэшта пісалася доўга, пару год. “Асабліва добра пішацца ў беларускіх цягніках”, – падзяліўся адкрыццём Сцяпан.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся тыя, хто ўжо паспеў прачытаць кнігу. Ігар Ламека, які з’яўляецца адным са стваральнікаў “Гарадзенскай мабільнай бібліятэкі”, прэзентаванай на нядаўнім “Кірмашы праектаў”, расказаў, што “Разрушыцель” Сцяпана Стурэйкі стаў адной з дзесяці першых кніг, уключаных у бібліятэку.
Па словах аўтара, “Твой стыль” – не першае месца, куды ён звяртаўся, каб выдаць кнігу, але гарадзенскі сайт аказаўся найбольш адкрытым для супрацоўніцтва. У сваю чаргу, рэдактар расказаў, што мае намер працягваць выдаваць электронныя кнігі, бо гэтая ніша ў Беларусі яшчэ адносна свабодная.
Пасля прэзентацыі Сцяпан Стурэйка яшчэ з паўгадзіны абмярковаў з цікаўнымі тэму помнікаў і сучаснасці. Усе прысутныя атрымалі паштоўкі з выявай мастацкага фотаздымка Наталлі Клімовіч і хуткай спасылкай на тэкст кнігі.
Дарэчы, ужо з’явілася першая рэцэнзія кнігі ў “Нашай ніве”. У ёй аўтара параўноўваюць з Дэнам Браўнам і Уінстанам Чэрчылем.
Здымкі Яна Лялевіча