Нелегалы ў маскхалатах спрабавалі прапаўзці ў Літву

|

Уначы 27 студзеня памежны нарад затрымаў чатырох грузінаў у 10 метрах ад беларуска-літоўскай мяжы. Яны ішлі ў Еўропу ў пошуках лепшага жыцця. З Мінска на спадарожнай машыне дабраліся да ваколіц “Каменнага Логу” і пайшлі ў абыход памежнага пераходу, паведамляе прэс-цэнтр Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

 

Напярэдадні групу іх суграмадзян затрымалі на ўчастку памежнай заставы “Лоша”. Спрацаваў сігналізацыйны комплекс, а відэакамера зафіксавала трох невядомых у маскхалатах. Якія спрабавалі прапаўзці пад агароджай. Праз некалькі хвілін парушальнікаў затрымалі ў 150 метрах ад мяжы.

 

Высветлілася, што ад пачатку каўказцы спрабавалі легальна трапіць у Польшчу праз Брэст, аднак польскія памежнікі сем разоў адмаўлялі ім ва ўездзе. Невядомы параіў грамадзянам Грузіі рухацца ў кірунку Літвы. Гэтым разам яны дзейнічалі нелегальна.

 

Усіх парушальнікаў чакае дэпартацыя з забаронай уезду на тры гады.