Распачаўся конкурс аналітычных артыкулаў “Моладзевая палітыка вачыма маладых беларусаў”
Мэта конкурсу – падтрымаць аналітычныя даследванні становішча маладых людзей у Беларусі і існуючай дзяржаўнай моладзевай палітыкі.
На конкурс прымаюцца навуковыя артыкулы і эсэ, прысвечаныя актуальным праблемам моладзі ў Беларусі. Матэрыялы могуць датычыцца разнастайных аспектаў становішча моладзі, даследавання іх каштоўнасцяў, інфармацыйных пераваг, эканамічнай актыўнасці, стаўлення той ці іншай сацыяльнай групы да адукацыі, сям’і, ўласнага здароўя і г.д.
Тэксты мусяць мець у сабе пастаноўку даследчай праблемы, аргументацыю, лагічныя высновы. Вітаюцца працы, заснаваныя на эмпірычным даследаванні (апытанне, інтэрв’ю, аналіз медыя і да т.п.).
Запрашаем да ўдзелу журналістаў, студэнтаў і аспірантаў, даследчыкаў і іншых зацікаўленых людзей. Узрост удзельнікаў не абмежаваны, аднак перавагай пры адборы будуць карыстацца працы маладых аўтараў (ад 16 да 31 года).
Фармальныя патрабаванні да матэрыялаў:
Матэрыялы падаюцца па электроннай пошце: info@rada.fm да 15 красавіка 2014 года. У тэме ліста указваць “аналітычная артыкул”.
Аб’ём матэрыялу – ад 8 да 15 тысяч знакаў без прабелаў.
Афармленне: шрыфт Times New Roman, 12, паўтарачны інтэрвал. Спасылкі на іншыя крыніцы ўнутры тэксту афармляюцца ў выглядзе падстаронкавых спасылак.
Акрамя тэксту артыкула павінна быць прадстаўлена таксама наступная інфармацыя:
– анатацыя артыкула (не больш за 1000 знакаў) і ключавыя словы;
– інфармацыя пра аўтара (аўтараў): прозвішча, імя, дата нараджэння, краіна, горад, адукацыя / занятасць, кантактная інфармацыя (тэл, e-mail).
Працы ацэніць адмысловае журы, і да 2 траўня ўдзельнікам паведамяць вынікі адбору.
Лепшыя матэрыялы будуць апублікаваныя на сайце ampby.org, а іх аўтары атрымаюць узнагароды.
Даведка “РАДА” – беларускі нацыянальны моладзевы савет. Парасонавая структура моладзевых арганізацый Беларусі. Прасоўвае ў Беларусі еўрапейскую мадэль моладзевай палітыкі, заснаваную на дыялогу і ўліку меркаванняў усіх зацікаўленых бакоў. |
||