Апытанне “Твайго стылю”: чаго вы чакаеце ад культурнай сталіцы?

|

Юлiя, студэнтка

У горад пачнуць прыязджаць з-за мяжы, павялічыцца колькасць экскурсій і турыстаў. Усе значныя мерапрыемствы будуць перанесены ў Гродна. Пачнуць узводзіць новыя будынкі і пашырать мяжу горада за кошт вырубкі навакольных лясоў. Павялічыцца колькасць злачынстваў.

 

Мiкалай, звычайны беларускi хлопец

Лічу, што нічога істотна не зменіцца. Можа павывешваюць якіх плакатаў накшталт “Гродно – культурная столица” і зладзяць пару тройку канцэртаў з расійскамоўнай папсой мясцовага разліву.

Думаю, што асновай культуры ёсць беларуская мова, гісторыя і нашыя нацыянальныя сімвалы. Хацеў бы, каб у горадзе луналі бел-чырвона-белыя сцягі, каб былі беларускамоўныя садкі і школы. Каб Фару Вітаўта аднавілі, каб прыбралі нарэшце агідны савецкі танк, які псуе гістарычны цэнтар. Каб дэмантавалі ўсё помнікі савецка-маскоўскім катам, каб вуліцы перайменавалі ў гонар беларускіх герояў і культурный дзеячоў. Такі сабе кароткі ліст прапановаў. Шкада, што ўсё гэта толькі мары.

 

Аляксей, студэнт

Асаблівых змен мы не адчуем. Пройдзе некалькі паказушных культурных мерапрыемстваў у лепшай пост-савецкай традыці, арганізаваных гарадскімі ўладамі, куды таксама пазганяюць школьнікаў са студэнтамі, каб паказаць, што камусьці ўсё гэта “цікава”.

Асабіста я хацеў бы, каб улады правялі гэтае мерапрыемства як мага больш па-беларуску. Ушанаванне славутых гарадзенцаў і беларусаў помнікамі, мемарыяльнымі дошкамі, тэатральнымі пастаноўкамі і імпрэзамі – лепшы варыянт для ажыццяўлення ідэі “Гродна – культурная сталіца Беларусі”.

 

Алена, студэнтка

Мала даць гучнае імя, трэба каб свядомасць людзей змянілася. Узровень культурнага невуцтва сам па сабе з мёртвай кропкі не ссунецца. На мой погляд, не хапае мастацкіх выстаў, асабліва маладых, пачынаючых мастакоў, музычных вечароў, у тым ліку і класічнай музыкі – упэўнена, шмат хто быў бы рады.

 

Яўген, журналicт

Упэўнены, што нічога добрага для горада гэты год не прынясе. Чыноўнікам трэба неяк званні параздаваць, а да таго, як руйнуюцца гістарычныя будынкі, нікому няма справы. Чарговы раз пройдзе Фестываль нацыянальных культур – паказуха, якая ўжо абрыдла, бо кожны раз адно і тое ж. Для каго праводзяцца такія мерапрыемствы? Колькі год ужо абяцяюць рэалізаваць план “Гродна – горад-музей”. А на справе як нічога няма, так і не будзе.

Мне хочацца, каб аднаўляліся гістарычныя будынкі, каб грошы ўлада размеркавала не на афіцыйныя нецікавыя фестывалі, а, напрыклад, на Фару Вітаўта, альбо на помнік Стэфану Баторыю ў центры горада.

Яшчэ хочацца спадзявацца, што ў нашым горадзе ў рэшце решт успомняць пра гарадзенскіх пісьменнікаў і нададуць вуліцам іх імёны. У Гродне даўно ўжо павінны былі з’явіцца вуліцы Быкава і Карпюка.

 

Кірыл, студэнт

Я думаю, што будзе праводзіцца шмат культурных мерапрыемстваў, у розных частках горада. Хочацца, каб на галоўнай вуліцы горада, хоць бы раз у тыдзень праводзіліся якія-небудзь культурныя мерапрыемствы (выставы, канцэрты і г.д.). Гэтак жа хацелася б убачыць якія-небудзь упрыгожанні або абазначэнні (плакаты, білборды), якія гавораць аб тым, што Гродна з’яўляецца культурнай сталіцай.

 

Сяргей, электрык

Што не робiцца – усё да лепшага ў нас.  Мяркую, што адрэстаўруюцца ўсе недаробленыя і неадрэстаўраваныя старыя будынкі. Будуць не разбураць, а аберагаць iх: не толькi насельнiцтва Гродна, але ж i мясцовая ўлада і шаноўны прэзiдэнт Аляксандр Рыгоравiч Лукашэнка, i ЮНЭСКА! Мне хацелася б, каб так і было!

 

Віталь, бізнесмен

Ужо лепш замест пустой траты грошаў на гэта, прывялі б у парадак і належны выгляд гістарычныя будынкі. Ці падумалі, як сапраўды прыцягнуць турыстаў. Узяць хаця б цэнтр горада, плошчу Савецкую: колькі можна рабіць з яе базар на якім гандлююць яйкамі, курыцай і сялгас прадукцыяй? Капец культурная сталіца атрымліваецца! Дзе крэатыў у людзей, якія займаюцца гэтым?

 

Андрэй, студэнт

Я чакаю канчатковай рэстаўрацыі будынкаў у цэнтры горада па вул. Сацыялістычнай, Маркса, Кірава. Таксама чакаю, што адкрыецца больш месцаў, у якія можна зайсці турысту і атрымаць для сябе нешта новае. Вось у мінулым годзе была такая тэндэнцыя на бясплатныя экскурсіі па Гродне кожныя выхадныя, вось такую традыцыю трэба падтрымліваць.

 

Ян, гicторык

Мяркую, што амаль нічога не зменіцца. Пройдуць ідэалагічна асцярожныя мерапрыемствы, пару раз фармальна ўспомніцца пра тытул культурнай сталіцы і ўсё. Хто не лічыў Гродна культурнай сталіцай, той далей не будзе яго такой лічыць.

Што я бы хацеў пабачыць? Каб Гродна зноў стаў арыгінальным горадам, са сваімі гістарычнымі назвамі вуліц, плошчаў і раёнаў, каб архітэктурна-гістарычную спадчыну бераглі замест бурыць, як гэта мае месца, каб веды пра наш горад распаўсюджвалі, замест забараняць (прыклад “Гродназнаўства”).

Такім чынам больш абудзіцца лакальны патрыятызм і гістарычная свядомасць, і што за тым ідзе – людзі зразумеюць, што не патрэбныя нам ніякія аднаразовыя мерапрыемствы і фармальныя тытулы, таму што Гродна фактычна з’яўляецца культурнай сталіцай.

 

Ганна, журналiст

Спадзяюся, што ў гэтым годзе Гродна сапраўды стане культурная сталіцай Беларусі (хацелася б, как застаўся назаўжды). Найбольш чакаю, што горад наведае шмат турыстаў не толькі з Беларусі, але і з замежжа. Таксама, чакаю што Гродна зменіцца і знешне, і ўнутрана. Хацелася б, каб у горадзе праводзілі як мага больш культурных, цікавых, крэатыўных і разнастайных мерапрыемстваў.

 

Сяргей, студэнт

Я думаю, што ў гэтым выпадку было б дарэчна ўбачыць адрэстаўраванымі многія старыя будынкі. Той жа дом Заменгофа. Хацелася б, каб пабольш якіх-небудзь культурных святаў было, у час якіх праходзілі б розныя экскурсіі па горадзе. У нас жа шмат цікавых і каштоўных гістарычных збудаванняў.

 

Змiцер, мэнеджар

Для мяне вельмі важныя пытанні глабальныя. Першае – канцэптуальнасць, агульная ідэя ўсіх мерапрыемстваў. Напрыклад, паказаць у розных формах асаблівасць, унікальнасць Гродна ў культурнай сферы, з экскурсам у гісторыю. Другое, арганізацыйнае пытанне – заангажаванасць шырокага кола грамадства ў планаванне і рэалізацыю мерапрыемстваў. Гэта значыць, грамадскія ініцыятвы і арганізацыі, “ініцыятава знізу”. Трэцяе – мемарыяльны вынік: усталяванне помніка Багдановічу, памятнай шыльды Каліноўскаму, прыняцце рашэння аб аднаўленні ратушы. Гэта ідэальнае бачанне.

 

А як вы думаеце, што зменіцца ў Гродне ў 2014 годзе? Што вы хацелі б убачыць у плане мерапрыемстваў “Культурнай сталіцы”? Выказвайцеся ў каментарах!