Лагвінец і Фёдараў расказалі ў Гродне пра плюсы і мінусы Еўрасаюза
Прысутныя актыўна пыталіся пра меркаванне экспертаў па самых розных пытаннях. Напрыклад, на пытанне пра магчымыя эканамічныя санкцы Алесь Лагвінец патлумачыў сваю пазіцыю: “Беларусь наадварот патрабуе большай прысутнасці Еўрасаюзу. Санкцыі адаб’юцца хутчэй на звычайным народзе, а не на ўладзе”.
Пасля далучэння да ЕС, вельмі шмат прафесіяналаў і моладзі з’ехала з Польшчы і Літвы далей на Захад. Госці сустрэчы пыталіся, ці будзе такой пагрозы для Беларусі, калі яна абярэ еўрапейскі шлях. “Нават калі заўтра адкрыюцца межы ЕС для беларусаў, дык усё роўна ўсе туды не з’едуць”, – упэўнена адказаў Андрэй Фёдараў.
Тэма аднаполых шлюбаў, якія легалізаваныя ў некаторых краінах Еўропы, таксама хвалявала прысутных. Ці не стануць гэтыя рашэнні асобных краін у хуткім часе стандартам у ЕС? Адказ Алеся Лагвінца: “У ЕС ёсць магчымасць гучна пратэставаць супраць чагосьці, у тым ліку супраць аднаполых шлюбаў. Звязваць пашырэнне ЕС з пашырэннем такіх сэксуальных практык – добры крамлёўскі прапагандысцкі крок. Кшталту савецкага “а ў вас неграў б’юць”.
Прысутныя рэалістычна запытваліся: “Каму мы патрэбныя ў Еўропе?” Алесь Лагвінец нагадаў, што яшчэ ў 90-х тую ж Польшчу ў ЕС таксама не чакалі і не хацелі бачыць, але палякі дамагліся сяброўства ў арганізацыі.
“Ніхто не кажа, што Еўрасаюз – ідэальны. І там ёсць падвойныя стандарты – прыгадаем хаця б аўтарытарны Азербайджан, з якім кантактуюць на зусім іншым узроўні чым з Беларуссю, толькі таму, што там ёсць газ”, – згадаў Андрэй Фёдараў.
У канцы сустрэчы прысутная ў зале Іна Соркіна, якую нядаўна звольнілі з універсітэта, атрымала з рук Алеся Смалянчука букет кветак.
Здымкі Яна Лялевіча