Гарадзенскія фанаты: “Тэлефанаванні з міліцыі гэта смешна”
Па адной з версій, меры носяць прафілактычны характар напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Але мы нагадаем, што за апошніх некалькі дзён асуджана некалькі фанатаў БАТЭ, якія выступілі ў падтрымку ўкраінскіх фанатаў, што змагаюцца цяпер на Майдане.
Нагадаем, што тыдзень таму СМІ абышоў здымак, на якім 23 фанаты дзесяціразовага чэмпіёна краіны па футболе барысаўскага БАТЭ сфатаграфаваліся з бел-чырвона-белым сцягам і плакатамі “Трымайся, Украіна, мы з вамі!” і “Героям слава!”.
На ўсіх 23 барысаўскіх удзельнікаў акцыі ў падтрымку Майдана ляжаць гатовыя лісты судовых пастаноў на розныя адміністрацыйныя тэрміны, паведаміў у сваім фэйсбуку грамадскі дзеяч з Барысава Сяргей Салаш, які шчыльна кантактуе з заўзятарамі.
Фанаты БАТЭ ў шоку ад рэакцыі міліцыі – бачна, што хлопцы ўпершыню з такім сутыкнуліся.
У пятніцу, 31 студзеня, стала вядома, што як мінімум два фанаты асуджаныя на пяць сутак за акцыю. Гэта пры тым, што твары фанатаў былі на фота, у мэтах бяспекі, размытыя.
Мы звязаліся з гарадзенскімі фанатамі і даведаліся іх меркаванне з гэтай нагоды.
Панцялей: “У прынцыпе, нічога дзіўнага я не бачу, усё прадказальна. Столькі падзей вакол фанацкай тусоўкі ўсёй. Падзеі ва Украіне, дзе людзі ўсталі на абарону сваіх правоў, і не баяцца даваць адпор натрэніраваным “беркутаўцам”, і не ў апошніх шэрагах там людзі маюць непасрэднае дачыненне да фанатызму. Чэмпіянат па хакеі ў Мінску на носе, трэба ж зацягнуць неяк запрэжку простым людзям. А з каго пачаць? Правільна, з фанатаў! Яны ж для міліцыі і тэрарысты, і экстрэмісты, і злодзеі, і алкашы, і наркаманы.
Гэтыя тэлефанаванні ды выклікі на размовы смешныя асабіста для мяне. Гэтым яны могуць запалохаць людзей, якія толькі прыйшлі на сектар і толкам не ведаюць усёй сутнасці людзей у пагонах. Гэта школьнікаў яны могуць запалохаць тым, што патэлефануюць бацькам ці адправяць паперу па месца вучобы”.
Гоша: “Сам пакуль з гэтым яшчэ не сутыкаўся, але гэта поўнае трызненне. Cлабая спроба кантролю нас і, напэўна, навязвання меркавання. Апошнія інцыдэнты з барысаўскімі хлопцамі і вар’яцкі выпадак са Слоніма – пацверджанне гэтага кантролю. Спрабуюць кантраляваць, значыць баяцца. Прыйдзе і наш час”.