Гарадзенскі музей “ажывіў” дзеячаў эпохі караля Станіслава Панятоўскага

Прадстаўленне з элементамі экскурсіі падрыхтавалі супрацоўнікі гісторыка-археалагічнага музея. Яны ж у якасці актораў ажывяць гістарычных асобаў той эпохі.

 

Музейныя анімацыйныя праграмы і экскурсіі з элементамі тэатралізацыі даўно атрымалі шырокую папулярнасць у Расіі, у Польшчы, у іншых краінах Еўропы. Тэатральную пастаноўку з элементамі экскурсіі падрыхтаваў і гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей. У прадстаўленне, якое складаецца з шасці эпізодаў, уключаныя элементы экскурсіі, інтэрактыву (бальныя танцы “станіславаўскай эпохі”, дэгустацыя) і фатаграфаванне. “Твой cтыль” зазірнуў у Новы замак і даведаўся больш падрабязна пра новую музейна-гістарычную забаўляльную пастаноўку.

 

“Nominis umbra” (“Цень імя”) – гэта анімацыйная праграма, галоўная дзеючая асоба якой – апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Тэатралізаваная пастаноўка прадстаўляе гледачам караля Станіслава Аўгуста як асобу, як дзяржаўнага дзеяча, рэфарматара і мецэната. Пра дзяржаўную дзейнасць і асабістае жыццё караля, пра падзеі, якія мелі месца ў гарадзенскім Новым замку, гледачам распавядаюць асабісты сакратар караля Трэмбецкі, імператрыца Кацярына ІІ, аванцюрыст Джакома Казанова ды іншыя героі. У якасці акцёраў анімаванага прадстаўлення выступілі самі музейныя супрацоўнікі.

 

Карэспандэнтка “Твайго стылю” паразмаўляла з аўтарам сцэнара пастаноўкі Марынай Сяліцкай.

 

“Зараз трэба чымсьці прыцягваць наведвальнікаў музея, бо стандартныя формы працы ўжо сябе зжываюць. Каб наведвальнікам у музеі не было сумна, прыдумляюцца новыя формы працы. І тут мы ідзем па шляху анімацыі, адушаўлення музейных экспанатаў, гістарычных эпох, інтэр’ераў, спрабуючы ўдыхнуць у іх душу. Адсюль – элементы тэатралізацыі і інтэрактыўныя элементы.


Марына расказвае, што перш за ўсё ў гарадзенскім музеі паглядзелі, што прапануюць іншыя, напрыклад, у Расіі, паглядзелі музеі Польшчы, сёе-тое даведаліся пра музеі Швецыі. Усюды свая спецыфіка. “Каралеўскія замкі асабліва прыцягваюць. Да Старога замка мы пакуль не дайшлі, таму вырашылі рабіць пра Новы, пра эпоху Станіслава Аўгуста Панятоўскага”.

 

“Nominis umbra” гэта не экскурсія з элементамі анімацыі, хутчэй наадварот – тэатральная пастаноўка з элементамі экскурсіі. Тэатральныя элементы дамінуюць. Галоўны персанажа – кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. “Мы імкнемся раскрыць яго вобраз, імкнемся паказаць караля як асобу, як чалавека з яго слабасцямі і моцнымі бакамі, чалавека, які тонка адчувае, які думае. Вядома, паказваем яго як дзяржаўнага дзеяча, як рэфарматара, чалавека, які вельмі шмат зрабіў для дзяржавы”.

Пра караля мала ведаюць як пра дзяржаўны дзеяча. Таму музейшчыкам хацелася рэабілітаваць яго імя ў вачах нашчадкаў і паказаць не толькі як караля, які адрокся ад пасады і які аддаў на рабаванне дзяржаву, але і як караля, які ўсімі сіламі імкнуўся ўтрымаць гэтую краіну. “Мы паказваем караля з вялікай сімпатыяй – гэта, можа быць, наш суб’ектыўны погляд, але, з іншага боку, ён адлюстроўвае і аб’ектыўнае становішча”.

 

У пастаноўцы закранаецца і асабістае жыццё караля, таму што яно шмат у чым паўплывала на зыход шматлікіх падзей. Яго любоўная сувязь з Кацярынай наклала адбітак на ўсё, што потым адбылося з Рэччу Паспалітай. Па літаратуры, па крыніцах вядома, што Станіслаў Аўгуст сапраўды кахаў гэтую жанчыну. Але хоць ён і нядоўгі час быў яе фаварытам, праз усё жыццё ён пранёс павагу да яе.

 

“Кацярына была дзяржаўным дзеячом шырокага маштабу, таму яна ёсць сярод дзеючых асобаў нашай пастаноўкі. Таксама авантурнік і вандроўца Джакома Казанова, які прыбіўся да двара Станіслава Аўгуста і некаторы час быў сведкам падзей, што там адбываліся, у тым ліку, напэўна, быў знаёмы і з нейкімі любоўнымі прыгодамі караля.

 

Акрамя таго, у нас ёсць яшчэ такі персанаж, як французская мастачка Элізабэт Віже-Лебрэн, якая напісала два апошнія партрэты караля, і яна таксама была абсалютна зачаравана асобай гэтага чалавека. Яшчэ адна рамантычная гісторыя, звязаная з жыццём караля – яго глыбокае пачуццё да балерыны каралеўскага тэатра (раней – Гарадзенскага тэатра Антонія Тызенгаўза) Апалоніі Дарэўскай. Уласна гэта і ёсць персаналіі, якія распавядаюць пра караля”.

Пры складанні сцэнара для большай грунтоўнасці і дакладнасці былі выкарыстаны разнастайныя крыніцы і літаратура: гэта і перапіска Станіслава Аўгуста з Кацярынай, іх рэальныя лісты, тэкст якіх таксама ўводзіцца ў пастанову; гэта і багатая польская манаграфічная літаратура.

 

Марына Сяліцкая называе пастаноўку вельмі музычнай. Аўтарка спадзяецца на тое, што ў будучыні яна набудзе яшчэ і жывое гучанне, дзякуючы чаму стане выглядаць яшчэ больш дасканалай. Маецца вельмі добрая музычная аснова. На працягу ўсяго гадзіннага паказу гучыць музыка Моцарта, Гендэля і іншых кампазітараў XVIII стагоддзя.

 

Са змешчанай на сайце музея інфармацыі не зусім зразумела, што такое інтэрактыў у прадстаўленні гарадзенскага музею.

 

Аказваецца, што па большай частцы людзі пасіўна сузіраюць, слухаюць і больш пачуццёва бяруць удзел у тэатралізаваным дзеянні. Але ўводзяцца і элементы балю. Музейшчыкі паказваюць бальную культуру станіславоўскай эпохі, якія былі сапраўдныя танцы пры двары.

“Мы спрабуем далучыць людзей да вывучэння паланэза, які быў танцам характэрным менавіта для нашых тэрыторый. Адсюль, з Рэчы Паспалітай, паланэз ужо перамясціўся ў Расію ў ХІХ ст. і стаў абавязковым танцам расійскіх свецкіх баляў.Мы спрабуем паказаць, як танчыць, і навучыць. У нас уводзяцца пары, і гледачы таксама танчаць.

 

Хачу сказаць, што элемент з танцамі – гэта мой асабісты гонар, таму што гэта менавіта рэканструкцыя танцаў. І ў нас нават з’явілася наступная ідэя – адкрыць клуб рэканструкцыі бальных танцаў”.

 

Іншы элемент можна было б і не ўводзіць, але цяпер ён карыстаецца папулярнасцю, і хутчэй гэта даніна масавай культуры – маецца на ўвазе дэгустацыя. І ў іншых сядзібах, замках прапануюць дэгустацыю розных напояў.

 

“Мы падумалі, што б маглі прапанаваць пры двары караля Станіслава Аўгуста, і знайшлі выхад, паколькі гэты кароль увёў моду на лікёры ў Рэчы Паспалітай. Да гэтага лікёры былі прэрэгатывай Францыі. Толькі пры двары Марыі Антуанэты яны сталі ледзь-ледзь распаўсюджвацца, і вось Станіслаў Аўгуст вырашыў іх укараніць на сваім двары. Пры гэтым мы кажам, што ён запатэнтаваў свой каралеўскі лікёр. Але паколькі лікёр пілі напарсткамі, то ў нашай анімацыі мы прапаноўваем гледачам менавіта тое, што завецца дэгустацыяй, з прыгожага посуду”.

 

Пастаноўку яшчэ не паспелі паказаць шырокаму колу, толькі сваім музейным супрацоўнікам. У канцы студзеня анімацыя атрымала афіцыйны статут платнай музейнай паслугі. Музей ужо робіць рассылкі па турыстычных фірмах краіны.

 

“Гэта паслуга групавая – ад 10 да 45 чалавек аднамаментна могуць паглядзець, прыняць удзел у гэтым дзеянні. І мы планавалі, што гэта будуць менавіта групы, якія прыязджаюць ад розных турыстычных агенцтв не толькі з Беларусі, але і Расіі. У будучыні мы плануем і для польскіх турыстычных груп, але для гэтага трэба перакласці сцэнар на польскую мову. Цяпер мы разлічваем, што анімацыя будзе праводзіцца на рускай і беларускай мовах.

 

Чаму для турфірмаў? Таму што ў нас індывідуальна сабраць групу вельмі цяжка, у адрозненні ад той жа Расіі, дзе яе можна сабраць з зусім розных людзей літаральна поруч касы”.

 

Таксама музей рады бачыць ужо сфармаваныя групы і гатовы прадстаўляць анімацыю для карпаратыўных груп і калектываў прадпрыемстваў горада.

Мэтавая аўдыторыя – сталыя людзі і студэнцтва. Наўрадці гэта будуць школьнікі, таму што тэма, звязаная з любоўнымі прыгодамі караля – не зусім для дзяцей, ды і дзяржаўная дзейнасць – таксама больш сур’ёзная, недзіцячая тэма.

 

“Наогул, пастанова праводзіцца на мове жывой, папулярнай. Мы не загружаем навуковай інфармацыяй, але ўся гэта папулярная інфармацыя мае за сабой выразна гістарычную аб’ектыўную аснову”.

 

Усе акцёры гэта музейныя супрацоўнікі. Перад пачаткам рэпетыцый былі думкі, каб запрасіць студэнтаў каледжа мастацтваў ці гуманітарнага каледжа. Але потым музейшчыкі вырашылі паглядзець, а раптам і ў іх саміх ёсць таленты?

 

“У нас вельмі добры навукова-асветніцкі аддзел, прыйшло шмат вельмі здольнай і таленавітай моладзі. Частка з іх ужо перайшла ў іншыя аддзелы – гісторыі, археалогіі, і аказалася, што гэта сапраўды вельмі адораныя людзі. Ва ўсялякім разе, мы паказалі праграму супрацоўнікам музея і яны ўхвалілі. І нам вельмі хацелася б, каб гэтая музейная паслуга была запатрабаванай. Будзем актыўна яе прапагандаваць і прапаноўваць”.

 

Калектыў музея спадзяецца, што ў хуткім часе дадзеная праграма, атрымаўшы водгук звонку, стане візітнай карткай Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.