Ваўкавыскі пенсіянер-інвалід збіраецца ў дэпутаты, каб змяніць жыццё навокал
Іван Андрэйчык кажа сваім патэнцыйным выбарцам, што зможа патрабаваць праўды ад кожнага начальніка.
Мы сядзім у кухні са спадаром Іванам, ягоная жонка, спадарыня Ядзьвіга, завіхаецца каля пліты. Прашу патлумачыць спадара Івана, што прымусіла яго, пенсіянера і інваліда, хадзіць і збіраць подпісы за тое, каб вылучыцца прэтэндэнтам у дэпутаты?
Ён адказвае: надакучыла, хочацца зменаў:
– Таму што я бачу, што гэтыя выбары ўжо самі па сабе не выбары, а звычайны фарс. Хто ў нас абіраецца ў мясцовыя і іншыя саветы? Гэта ўсе людзі, якія ходзяць непасрэдна пад Лукашэнкам: дырэктары заводаў, начальнікі цэхаў, дырэктары школ ды і астатнія набліжаныя да кармушкі.
Іван Андрэйчык распавядае, як неаднойчы звяртаўся да свайго дэпутата з тым, каб дапамаглі яму, інваліду, пафарбаваць дом — безвынікова. Неаднойчы чуў ад суседзяў скаргі і на медыцыну, і на тое, што маладыя людзі не могуць знайсці працы з вартым заробкам і вымушаныя з’язджаць за мяжу.
Андрэйчык кажа, што асноўныя праблемы, якія стаяць перад краінай, немагчыма вырашыць на ўзроўні мясцовых Саветаў — гэта рост цэнаў, заробкі і пенсіі, але лічыць, што і ў мясцовых саветах павінны быць адказныя дэпутаты, якія маглі б стварыць кожны ў сваім раёне справядлівую атмасферу.
Пытаюся ў спадарыні Ядзвігі – ці верыць яна ў тое, што яе муж можа нешта змяніць, стаўшы дэпутатам?
-Не, не зможа. Трэба адтуль усіх “галаварэзаў” прыбраць. У нас такіх не любяць, якія кажуць шмат праўды.
Спадар Іван узгадвае, як у 1978 годзе ў брэжнеўскія часы адмовіўся ісці на выбары за тое, што яму далі кватэру меншую, чым належала яго сям’і і без рамонту. І дамогся свайго, бо не саступаў начальству. Таму перакананы, што і зараз магчыма зрабіць рэальныя змены. І першы крок да гэтага — на кіраўнічых пасадах павінны быць кампетэнтныя, разумныя людзі.